Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Святы Пасад: дыскусія аб фемінізме і каталіцкай тоеснасці

“Жанчыны ў грамадскім жыцці: фемінізм і каталіцкая тоеснасць у ХХІ стагоддзі” – такой тэме будзе прысвечаны фармацыйны курс па сацыяльным вучэнні Касцёла з удзелам прадстаўнікоў Святога Пасаду.

Трэнінг арганізаваны Лацінаамерыканскай акадэміяй каталіцкіх лідараў. Ён будзе праходзіць 11 па 25 ліпеня 2020 г. у анлайн-фармаце. Да ўдзелу запрашаюцца актыўныя ў грамадскім жыцці католікі з краін Еўропы і Амерыкі.

Удзельнікі атрымаюць дыплом міжнароднага ўзору, выдадзены сумесна Лацінаамерыканскай акадэміяй каталіцкіх лідараў і чатырма каталіцкімі навучальнымі ўстановамі: Папскім мексіканскім універсітэтам, Каталіцкім універсітэтам Коста-Рыкі, венесуэльскім Тачырскім каталіцкім універсітэтам і чылійскім Фіністэрскім універсітэтам.

Сярод выкладчыкаў курса Фламінія Джованэлі, падсакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека – першая жанчына ў гісторыі Ватыкана на такой высокай пасадзе ў Рымскай курыі; Марта Радрыгес, былая старшыня Аддзела па пытаннях жанчын у Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця; кардынал Карлас Агіяр Рэтэс, арцыбіскуп Мехіка; іншыя іерархі, эксперты, навукоўцы, палітыкі і тэолагі. Уступнае слова да ўдзельнікаў скіруе а. Алешандрэ Аві Мэло, сакратар Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця.

Мэта курса ў тым, каб прааналізаваць падыход сацыяльнага вучэння Касцёла да жанчын, а таксама прадставіць выразны хрысціянскі падыход да фемінізму, які прадугледжвае прызнанне важнасці ўкладу жанчын у грамадскае і касцёльнае жыццё.

“Пытанне новага фемінізму набывае асаблівую значнасць у актуальным кантэксце, калі фемінісцкія рухі ўварваліся ў грамадскае жыццё, а таксама ў сувязі з законным патрабаваннем большай прысутнасць жанчын на лідарскіх пазіцыях і выкрыццём сітуацый сур'ёзнай няроўнасці і злоўжыванняў унутры грамадства”, - гаворыцца ў паведамленні арганізатараў.

Адзначаецца, што гэтыя тэмы патрабуюць разгляду ў евангельскім ключы, каб адрозніць станоўчыя і адмоўныя аспекты розных форм фемінізму, а таксама прызнаць існаванне сітуацый несправядлівасці, калі парушаецца годнасць чалавечай асобы і адбываецца ідэалагічная інструменталізацыя. Ініцыятары курса спадзяюцца, што ён дапаможа “распрацаваць прапанову новага фемінізму ў цяперашні перыяд перамен і крызісу”.
 

08 чэрвеня 2020, 12:24