Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: дакумент да 5-годдзя “Laudato si’”

18 чэрвеня 2020 г. у Ватыкане прайшла прэзентацыя дакумента “На шляху клопату аб супольным доме. Пяць гадоў пасля “Laudato si’”, падрыхтаванага адмысловай Міждыкастэрыяльнай групай Святога Пасаду.

У прэс-канферэнцыі прыняў удзел арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі. Ён распавёў, што праца над тэкстам вялася з 2018 г. Учора ён быў уручаны Святому Айцу.

Дакумент не з’яўляецца рэплікай “Laudato si’”. Аўтары ставяць тры галоўныя мэты. Першая – нагадаць пра багацце зместу энцыклікі, падкрэсліць, што яна не толькі не згубіла сваёй актуальнасці і праз пяць гадоў пасля абнародавання, але і набыла новае значэнне ў сусветнай сітуацыі, выкліканай пандэміяй COVID-19.

Другая мэта – дапамагчы чытачам у разуменні зместу энцыклікі. Новы дакумент утрымлівае практычныя парады і мінімізуе рызыку яе няправільнага разумення.

Трэцяя мэта – паспрыяць супрацоўніцтву паміж дыкастэрыямі Рымскай курыі і каталіцкімі ўстановамі, задзейнічанымі ў распаўсюджванне і ажыццяўленне паслання, якое ўтрымліваецца ў “Laudato si’”.

Арцыбіскуп Галахер паінфармаваў, што ў працу Міждыкатэрыяльнай групы па інтэгральнай экалогіі, якая займалася падрыхтоўкай дакумента, былі ўключаны: Кангрэгацыя Веравучэння, Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця, Дыкастэрыя па камунікацыі, Папская рада спрыяння хрысціянскаму адзінству, Папская рада па міжрэлігійным дыялогу, Папская рада па культуры, Папская рада па новай евангелізацыі, Папская акадэмія навук і Папская акадэмія сацыяльных навук, Генеральны сакратарыят Сінода Біскупаў, епіскапаты краін, аб’яднанні генеральных настаяцелей манаскіх супольнасцей, а таксама няўрадавыя арганізацыі.

Асаблівы ўклад зрабілі таксама Апостальскія нунцыятуры, якія прапанавалі канкрэтныя прыклады ажыццяўлення прынцыпаў энцыклікі “Laudato si’” каталіцкімі структурамі на месцах.

Арцыбіскуп Галахер заўважыў, што стваральнікі дакумента імкнуліся даць чытачам адказ на пытанне, змешчанае напрыканцы тэксту: “Што можам зрабіць мы?”. Яны ўзялі пад увагу шырокі спектр сітуацый, пачынаючы ад клопату аб інтэгральнай экалогіі ў штодзённасці і завяршаючы пытаннямі ўзроўню міжнароднай супольнасці.

У якасці прыкладу імкнення садзейнічаць абароне навакольнага асяроддзя, арцыбіскуп Галахер паведаміў аб хуткім далучэнні Святога Пасаду да паправак да Манрэальскага пратаколу па рэчывах, якія разбураюць азонавы слой, прынятых у 2017 г. у Кігалі. Гэта рашэнне адпавядае мары Папы аб “іншым відзе прагрэсу, больш здаровым і больш інтэгральным”.

Ватыканскі дыпламат заўважыў, што крызіс, выкліканы пандэміяй, з’яўляецца стымулам для навяртання і прыняцця канкрэтных і неадкладных рашэнняў у духу інтэгральнай экалогіі. Яна прадугледжвае цэласны і дальнабачны падыход да жыцця, супрацоўніцтва і адказныя дзеянні. Будаванне будучыні, дзе жыццё будзе паважацца, а стварэнне абараняцца, – заданне складанае, але гэта наша місія перад Богам, - нагадаў Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі.
 

18 чэрвеня 2020, 13:04