Пошук

Vatican News

Кардынал Кох: пандэмія – момант ісціны для свету і Касцёла

Сусветны крызіс у галіне аховы здароўя, выкліканы пандэміяй каронавіруса, з’яўляецца выклікам для нашай прыхільнасці абараняць кожнае чалавечае існаванне, - лічыць кардынал Курт Кох.

Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству напісаў вялікі артыкул, апублікаваны нямецкім каталіцкім агенцтвам КNA. Ён носіць загаловак “Момант ісціны на фундаменце атэізму”. Іерарх перакананы, што ў часы крызісу становяцца бачнымі прыярытэты ў чалавечым жыцці і ў жыцці веры.

“У разгар каронавіруснага крызісу мы зноў можам адчуць прыгажосць і трываласць хрысціянскай веры, і гэта сапраўднае суцяшэнне, якое нам дае вера ў гэты цяжкі час”

, - напісаў Кох.

Кардынал лічыць, што ў цяперашнім кантэксце не варта баяцца тэмы пакарання. Святое Пісанне часта кажа пра Божае пакаранне, але ў тым сэнсе, што Бог дазваляе людзям сутыкацца з наступствамі ўласных злачынстваў. Практычна людзі самі сябе караюць, калі не выконваюць Божыя ўказанні, і таму закліканы да навяртання. І тут з рэлігійнага пункту гледжання варта спытаць, што Бог хоча сказаць чалавецтву праз сённяшні крызіс і чаму мы мусім навучыцца.

“У любым выпадку, часы крызісу – гэта заўсёды момант ісціны, які раскрывае прыярытэты ў нашым чалавечым жыцці і ў веры”

, - напісаў швейцарскі тэолаг.

У сувязі з ростам колькасці інфекцый і вялікай колькасцю смерцяў, выкліканых коронавірусам, розныя ўрады звярнуліся да надзвычайнага заканадаўства, увялі жорсткія меры і радыкальна абмежавалі правы на свабоду людзей. Можна без перабольшання сказаць, што пасля таталітарных рэжымаў у мінулым стагоддзі асноўныя правы і свабоды людзей ніколі не былі настолькі сур’ёзна парушаныя, як у цяперашні крызіс.

Гэтыя абмежаванні апраўдваліся тым, што дзяржава адказвае за абарону жыцця, здароўя і фізічнай недатыкальнасці грамадзян, і таму свабоды павінны саступіць праву на жыццё. Гэта адлюстроўвае высокі ўзровень адказнасці, якую палітычныя ўлады прынялі падчас каронавіруса.

На думку кардынала Коха, гэта таксама пацвярджае схільнасць сённяшняга грамадства ўсё больш аспрэчваць чалавечае жыццё ў імя свабоды, асабліва калі гаворка ідзе пра жыццё ненароджаных, непаўнаспраўных, слабых, пажылых і паміраючых.

Іерарх ставіць пытанне: “Ці не павінны ўрады, якія ў перыяд каронавіруснага крызісу надавалі столькі ўвагі жыццю людзей і з гэтай мэтай масава абмяжоўвалі права на свабоду, цяпер пераасэнсаваць сваё ранейшае стаўленне і пераглядзець свае прыярытэты ў галіне свабоды?”.

Завяршаючы артыкул, Кардынал Кох таксама пытаецца: “Ці не павінны тыя біскупы, якія добраахвотна прынялі строгія дзяржаўныя абмежаванні на свабоду, уключаючы найперш асноўнае права на свабоду веравызнання, забараняючы публічныя цэлебрацыі Эўхарыстыі, быць першымі, хто аддае перавагу чалавечаму жыццю таксама ў іншых пытаннях грамадскага жыцця і суіснавання, і актыўна пашырае “культуру жыцця”, да якой заклікаў св. Ян Павел II, што было так блізка яго сэрцу? І ў гэтым плане часы крызісу – гэта момант ісціны”.

02 чэрвеня 2020, 12:34