Пошук

Vatican News

Францішак абнавіў склад структуры па наглядзе за медустановамі

Святы Айцец абнавіў склад камісіі, створанай для арганізацыі эфектыўнага аказання медыцынскай дапамогі ўстановамі аховы здароўя Касцёла і кіравання іх маёмасцю.

Па-ранейшаму ўзначальваць Папскую камісію будзе мансеньёр Луіджы Місто, старшыня Фонду аховы здароўя Святога Пасаду. На наступныя тры гады былі прызначаны іншыя 6 членаў структуры: мансеньёр Сегунда Тэяда Муньёс, падсакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека; Рэната Балдуцы, выкладчык канстытуцыйнага права ва Універсітэце Найсвяцейшага Сэрца; Джавані Барбара, эксперт па камерцыйным праве; Саверыа Капалупа, спецыяліст па падатковых пытаннях; Фабрыцыа Чэлані, які ўзначальвае Каталіцкую асацыяцыю работнікаў сферы аховы здароўя ў Італіі; Маўрыцыа Гала, спецыяліст у сектары кансалтынгу і інстытуцыянальных адносін.

Камісія можа звяртацца да перыядычных або пастаянных кансультацый з тэхнолагамі і спецыялістамі, дэлегаваць некаторыя свае паўнамоцтвы аднаму або некалькім членам, ствараць адпаведныя падкамісіі.

Кардынал Пьетра Паралін высока ацаніў працу папярэдняга складу, падзякаваўшы яму за пісьменнае і адданае служэнне. З улікам сітуацыі, якая склалася ў галіне аховы здароўя, Дзяржсакратар папрасіў новых членаў Камісіі шчодра і кампетэнтна служыць свету каталіцкіх медыцынскіх структур.

У канцы 2015 г. было абвешчана, што на фоне інфармацыі аб паблемах у медыцынскіх структурах Касцёла Святы Айцец даручыў свайму Дзяржсакратару стварыць новы орган для дапамогі ўстановам аховы здароўя Касцёла працаваць больш эфектыўна і пісьменна распараджацца маёмасцю, захоўваць і падтрымліваць харызму заснавальнікаў.

Сваёй задачай Папская камісія па справах дзейнасці юрыдычных асоб Касцёла ў сферы аховы здароўя лічыць, між іншым, вывучэнне фінансавай устойлівасці касцёльных медыцынскіх структур з мэтай распрацоўкі доўгатэрміновай стратэгіі, якая ўлічвае прынцыпы сацыяльнага вучэння Касцёла; дапамогу ў вырашэнні крызісных сітуацый; прапанову новых мадэляў функцыянавання.

Камісія зацвярджае кананічныя дазволы, якія тычацца спынення або рэформы медыцынскіх устаноў, адчужэння або рэарганізацыі іх маёмасці.

17 чэрвеня 2020, 11:06