Пошук

dollar-1362244_1920aem.jpg

Эксперт: фінансавая празрыстасць у Ватыкане – клопат Францішка

На мінулым тыдні Папа выдаў закон, які рэгулюе заключэнне дзяржаўных кантрактаў. “Гэта добры крок”, - заявіў у інтэрв’ю Vatican News нямецкі гісторык Касцёла, пісьменнік і ватыканіст Ульрых Нэрзінгер.

У далейшым буйныя закупкі ўсімі структурамі Святога Пасаду будуць ажыццяўляцца паводле адзінага кодэкса, што з’яўляецца адным з шматлікіх новаўвядзенняў у новым комплексным рэгуляванні.

Нэрзінгер звярнуў увагу, што ў апошнія дзесяцігоддзі ў Ватыкане было некалькі сітуацый, звязаных з карупцыяй. Францішак вельмі зацікаўлены ў вырашэнні гэтай праблемы, таму і выдаў дакумент у форме motu proprio, што літаральна азначае “па ўласнай ініцыятыве”.

Ацэньваючы новыя правілы, эксперт звярнуў увагу, што першым станоўчым аспектам з’яўляецца факт, што ў Ватыкане разумеюць праблему. Але, безумоўна, немагчыма вырашыць многія рэчы ў самыя кароткія тэрміны, паколькі тут задзейнічаны чалавечы фактар.

Гісторык нагадаў, што да пачатку 1970-х гадоў існаваў цікавы тытул “папскага пастаўшчыка”. У Вялікабрытаніі такая ўстанова па-ранейшаму функцыянуе з сертыфікатам: “са згоды яе вялікасці каралевы”.

Перад наданнем такога тытула ў Ватыкане ўважліва сачылі за дзелавым партнёрам, а сам факт яго прысваення агучваўся. Такі бізнес-партнёр абавязаўся працаваць самым лепшым чынам, ён ведаў, што, калі штосьці пойдзе не так, тытул будзе забраны і гэта напалохае ўсю ягоную кліентуру.

Была яшчэ адна асаблівасць: тытул губляўся пасля смерці Папы і падлягаў аднаўленню праз новую працэдуру вывучэння, наколькі партнёр дастойны гэтага, - падзяліўся гісторык.

Цяжка ўявіць, што Францішак адновіць тытул “пастаўшчыка Святога Айца”, заўважыў Нэрзінгер. На яго думку, можна, аднак, стварыць падобныя ўмовы для бізнес-партнёраў, выкарыстоўваючы, напрыклад паняцці “у служэнні” або “у супрацоўніцтве”. Гэта станоўчы паўплывала б на рэпутацыю вытворцы або выканаўцы, але і абавязвала б яго да больш высокага ўзроўню паслуг і этычнасці ў бізнесе.

Нагадаем, 1 чэрвеня 2020 г. Францішак абвясціў Апостальскі ліст у форме motu proprio аб празрыстасці, кантролі і канкурэнтаздольнасці ў працэдурах заключэння дзяржаўных кантрактаў Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан.
 

10 чэрвеня 2020, 13:25