Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Святы Пасад заклікае далучыцца да “Часу стварэння”

Святы Пасад заклікае ўсіх католікаў далучыцца да экуменічнай ініцыятывы “Час стварэння”, якая сёлета пройдзе ў кантэксце 5-й гадавіны энцыклікі Францішка “Laudato si’”. Яна праводзіцца з 1989 г.

25 мая 2020 г. было абнародавана спецыяльнае пасланне Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, у якім адзначаецца, што экалагічная міжхрысціянская кампанія будзе праходзіць з 1 верасня, калі адзначаецца Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння, да 4 кастрычніка – літургічнага ўспаміну св. Францішка Асізскага.

“Час стварэння” – гэта штогадовая падзея, якая заахвочвае да малітвы і дзеянняў на карысць нашага супольнага дома”

, - гаворыцца ў ватыканскім пасланні.

Падкрэсліваецца, што ініцыятыва мае асаблівае значэнне сёлета, калі свет змагаецца з каронавірусам. Дыкастэрыя паведаміла, што займаецца распрацоўкай “глабальнага адказу” на пандэмію, беручы пад увагу тэрміновыя патрэбы тых, хто пакутуе ад яе цяпер, а таксама патрэбу ў будаванні больш справядлівага грамадства ў доўгатэрміновай перспектыве.

“Як паказвае трагічная пандэмія каронавіруса, толькі разам і беручы на сябе цяжкасці самых слабых мы можам перамагчы глабальныя выклікі”, - цытуюцца словы Францішка, прамоўленыя падчас агульнай аўдыенцыі 22 красавіка 2020 г., з нагоды 50-га Сусветнага дня Зямлі.

“Час стварэння” – экуменічная акцыя, у якой удзельнічаюць: Каталіцкі Касцёл, Англіканская Царква, Сусветная Лютэранская Федэрацыя, Сусветная Рада Цэркваў і Сусветны Евангелічны Альянс.
 

26 мая 2020, 13:50