Пошук

1589531555821.jpg

Святы Пасад аб нормах дэзінфекцыі аб’ектаў культурнай спадчыны

Папская рада па культуры апублікавала дакумент з рэкамендацыямі па захоўванні прадметаў культурнай спадчыны ва ўмовах пандэміі, каб папярэдзіць урон з прычыны неналежнага карыстання сродкамі дэзінфекцыі.

Мэта прынятай меры – прапанаваць “вельмі простыя і неабходныя ўказанні, каб пазбегнуць прычынення непапраўнай шкоды найбольш каштоўным і далікатным прадметам, прысутным у нашых касцёлах”, гаворыцца ў дакуменце.

У тэксце нагадваецца, што “культурная спадчына – гэта неўзнаўляльны набытак”, таму “любое дзеянне, якое можа паўплываць на яго стан захоўвання, павінна быць адпаведным чынам вывучана, ацэнена, задакументавана і ўзгоднена з экспертамі”.

У прыватнасці, Папская рада нагадвае, што такія едкія прадукты, як адбельвацель, аміяк і мыйныя сродкі, пакідаюць на паверхнях вельмі шкодныя рэшткі і таму не павінны выкарыстоўвацца ў манументальных комплексах, гістарычных будынках, археалагічных аб’ектах, пры дэзінфекцыі рухомай маёмасці, прадметаў, тэкстыльных вырабаў і далікатных рэчаў.

“У выпадку з COVID-19 мыла з’яўляецца добрым сродкам дэзінфекцыі”, таму для ачышчэння паверхняў і падлогі лепш ужываць “разбаўленыя водна-спіртавыя растворы або нейтральнае мыла”, заўсёды кантраляваць іх аб’ём і кансультавацца са спецыялістамі па захоўванні аб’ектаў культурнай спадчыны.

Адказныя за ўборку і дэзінфекцыю, а таксама ўсе, хто кантактуе з прадметамі культурнай спадчыны, заахвочваюцца карыстацца пальчаткамі, маскамі і адзеннем, якія пасля праведзеных аперацый можна памыць. Рэкамендуецца праветрываць Касцёлы. Пры гэтым у месцах захоўвання прадметаў культурнай спадчыны не пажадана праводзіць фумігацыю і апырскванне сродкамі дэзінфекцыі.

Што датычыць рухомай маёмасці, то пры падазрэнні на яе заражанасць рэкамендуецца памясціць яе ў недаступнае месца як мінімум на 14 дзён. Забараняецца дэзінфіцыраваць спіртам або мыйнымі сродкамі гістарычныя экспанаты, творы мастацтва ці дакументы. І наадварот, аб’екты, якія не ўяўляюць гістарычнай каштоўнасці, – поручні, дзвярныя ручкі – рэкамендуецца ачышчаць больш старанна, аднак сачыць за тым, каб мыйныя сродкі не ўтрымлівалі рэчываў, якія могуць сапсаваць іх паверхню ці аздабленне.

Удакладняецца, што інструкцыя толькі распаўсюджваецца Папскай радай па культуры, але не была ёй складзена.

22 мая 2020, 12:27