Пошук

Калонка рэдактара
Vatican News

“Laudato si’” – компас для будучыні пасля пандэміі

Пяць гадоў таму Папа падпісаў дакумент, які стаў новым крокам у сацыяльным вучэнні Касцёла і “дарожнай картай” у будаванні больш справядлівага грамадства, заўважыў галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ.

Сваю аўтарскую калонку на “Vatican News” Андрэа Тарніелі прымеркаваў да 5-годдзя энцыклікі “Laudato si’”, якое адзначалася 24 мая 2020 г. Паводле яго, юбілей – гэта нагода, каб задумацца тым, што было зроблена ў свеце дзякуючы гэтаму дакументу, а таксама паразважаць пра яго актуальнасць у сітуацыі барацьбы з пандэміяй каронавіруса.

Энцыкліка нагадвае пра ўзаемасувязь усяго на планеце: “не бывае экалагічнай праблемы, адарванай ад сацыяльнай”.

“Кліматычныя змены, войны, галеча, адсталасць – гэта праявы аднаго крызісу, а ён – перш чым стаць экалагічным – з’яўляецца, па сутнасці, этычным, культурным і духоўным.”

Энцыкліка – не плён настальгіі і не жадае вярнуць нас у даіндустрыяльную эпоху. Яна акрэслівае і апісвае працэсы самазнішчэння, выкліканыя пошукам хуткага прыбытку і абагаўленнем рынку. Корань экалагічнай праблемы заключаецца менавіта ў тым, што “існуе скажоны спосаб разумення жыцця і чалавечай дзейнасці, які супярэчыць рэчаіснасці, аж да яе знішчэння”, - нагадаў Тарніелі словы Францішка.

Крызіс, які мы перажываем па прычыне пандэміі, зрабіў усё гэта яшчэ больш відавочным:

“Мы пайшлі наперад на ўсёй хуткасці, адчуваючы сябе моцнымі і здольнымі ва ўсім. – падкрэсліў Папа 27 сакавіка, падчас малітвы за ўвесь свет. – Прагныя да заробку, мы дазволілі, каб нас паглынулі рэчы і каб спешка звяла нас. Мы (…) не абудзіліся перад абліччам сусветных войнаў і несправядлівасці, не паслухалі крык бедных і нашай цяжкахворай планеты. Абыякавыя, мы пайшлі далей, думаючы, што застанёмся заўсёды здаровымі ў хворым свеце.”

У гэты напружаны момант малітвы аб заканчэнні пандэміі, што прымусіла нас абудзіцца кволымі і бездапаможнымі, Францішак нагадаў: мы пакліканы “выкарыстаць гэты момант выпрабаванняў, як час выбару паміж тым, што па-сапраўднаму мае значэнне і што прамінае; як час аддзялення таго, што неабходна, ад таго, што такім не з’яўляецца”.

“Laudato si’” вядзе нас да пераасэнсавання грамадства, дзе жыццё людзей – асабліва самых слабых – будзе знаходзіцца пад абаронай; дзе кожны будзе мець доступ да лячэння; дзе людзей ніколі не будуць спісваюць ва ўтыль; дзе прырода не будзе безразважна разграбляцца, але ахоўвацца і абараняцца для тых, хто прыйдзе пасля нас”, - падкрэсліў галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ.
 

25 мая 2020, 10:12