Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Кардынал: пандэмія дае магчымасць увайсці ў дыялог з сэрцам

У гэты перыяд мы можам многаму навучыцца нанова, напаўняючы зместам такія словы як “блізкасць, чалавечнасць, народ, грамадзянская адказнасць”, - перакананы кардынал Жазэ Таленціна Мэндонса.

У інтэрв’ю “Vatican News” Архіварыус Ватыканскага апостальскага архіва і Бібліятэкар Святога Рымскага Касцёла заўважыў, што “жыццю не падабаецца нерухомасць”. “Жыццё – падобнае на раку”, якая, “сустракаючы перашкоду, заўсёды знаходзіць новы шлях”, - сказаў ён. Іерарх заклікаў паглядзець у такой перспектыве на актуальную сітуацыю, выкліканую пандэміяй.

“Зараз мы бачым галоўным чынам яе негатыўны бок, успрымаем яе як траўму, нечаканую агрэсію, ад якой пакутуем. Але пройдзе час, спадзяёмся яе мага хутчэй, і мы зможам убачыць наступствы гэтай пандэміі таксама ў якасці добрай нагоды, што з’явілася перад намі”

, - лічыць кардынал.

Паводле іерарха, пандэмія ўжо многаму навучыла чалавецтва: паказала яго ўразлівасць, нагадала пра каштоўнасць чалавечага жыцця, важнасць сям’і і самаахвярнасці. “Мы ўбачылі ў шпіталях, на прыкладзе медыкаў і санітарных работнікаў, а таксама ў многіх іншых сферах жыцця, дзе людзі працуюць, каб забяспечваць мінімальныя патрэбы грамадства, што самаахвярнасць – гэта сапраўдны фундамент нашага існавання”, - дадаў ён.

Кардынал Мэндонса звярнуў увагу на тое, што пандэмія дапамагае людзям нанова адкрыць каштоўнасць міжчалавечых адносін, а таксама цішыні і маўчання.

“Безумоўна цішыня з’яўляецца адным з самых вялікіх адкрыццяў гэтага перыяду. Нашы гарады, якія звычайна з’яўляюцца вельмі шумнымі, раптоўна напоўніліся невядомым раней маўчаннем, у якім мы маем патрэбу, якое дапамагае нам увайсці ў дыялог з сэрцам”

, - звярнуў увагу іерарх.

Ватыканскі архіварыус падкрэсліў, што падчас пандэміі важна, каб ніхто не адчуваў сябе пакінутым і самотным, таму першасным заданнем з’яўляецца будаванне супольнасці, нават нягледзячы на вымушанае захаванне фізічнай дыстанцыі.
 

23 мая 2020, 13:32