Пошук

1586774248672.jpg

Ватыканская кангрэгацыя стварыла фонд па надзвычайнай сітуацыі

Кангрэгацыя па справах Усходніх Касцёлаў заснавала спецыяльны Фонд па надзвычайнай сітуацыі, дзякуючы якому плануе дапамагаць змагацца з COVID 19 і яго наступствамі.

Ён узнік дзякуючы супрацоўніцтву з Каталіцкай блізкаўсходняй асацыяцыяй на карысць дабрабыту (CNEWA), Папскай місіяй па справах Палестыны (PMP) і Аб’яднаннем ініцыятыў дапамогі Усходнім Цэрквам (ROACO). Дзейнасць адбываецца ў каардынацыі з Дыкастэрыяй па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека і Генеральным сакратарыятам Caritas Internationalis.

Ад імя Святога Айца ўжо ахвяраваны 10 апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх тром медыцынскім установам у Сірыі, 3 такіх прыборы дастаўлены ў бальніцу св. Юзафа ў Іерусаліме. Акрамя таго набыты і пастаўлены дыягнастычныя камплекты ў Газу, дапамогу атрымала бальніца Святой Сям’і ў Бэтлееме. Цяпер вывучаюцца запыты з іншых краін.

У дадатак да гэтага Кангрэгацыя, як і штогод, фінансава падтрымае каталіцкія школы і ўніверсітэты, размешчаныя ў зоне яе адказнасці, дапаможа сірыйскім і іракскім бежанцам у Ліване і Іарданіі.

Давайце ўсе разам маліцца да Бога Айца, каб вызваліў ад бед, якія абрынуліся на чалавецтва, і сведчыць актыўную салідарнасць і братэрскую міласэрнасць, - гучыць заклік у адмысловым паведамленні структуры Святога Пасаду, адказнай за вернікаў усходняй традыцыі.

18 красавіка 2020, 13:40