Пошук

1587198448093.jpg
Калонка рэдактара

Тарніелі пра словы Папы: лічыцца рэальная блізкасць з Панам

Тэму небяспечнасці прызвычайвання да віртуальнага перажывання веры, якую Францішак узняў 17 красавіка 2020 г. падчас традыцыйнай ранішняй Эўхарыстыі, развіў галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ.

Андрэа Тарніелі нагадаў, што падчас Эўхарыстыі ў Доме св. Марты Пантыфік у сваёй гаміліі казаў “пра небяспечнасць веры, якая перажываецца як штосьці інтымнае”.

“Разважанні Папы выцякаюць з аповеду, апісанага ў Евангеллі паводле св. Яна (Ян 21,1-14): Езус, Які чакае вучняў на беразе Тыберыядскага мора, размаўляе з імі і есць разам з імі рыбу, прыгатаваную на вогнішчы. Вось блізкасць, якая нараджаецца з размовы за адзіным сталом”, - падкрэсліў галоўны рэдактар.

Прапанавае Святым Айцом разуменне хрысціянскай блізкасці як “штодзённай блізкасці з Панам” журналіст параўнаў з пачуццём, якое бывае, “калі сядаеш за стол, каб паснедаць і нязмушана паразмаўляць пра тое, што хвалюе”. “Гэта заўсёды блізкасць, якая аб’ядноўвае, хоць яна і з’яўляецца адначасова персанальнай і інтымнай”, - сцвердзіў аўтар артыкула.

Галоўны рэдактар нагадаў, што сітуацыя, калі мільёны чалавек вымушаны яднацца пасродкам СМІ і браць удзел у Эўхарыстычных цэлебрацыях віртуальна, – часовая мера, абумоўленая пандэміяй.

“[Такі парадак] не можа прымусіць нас забыць, што Касцёл, сакрамэнты, Божы народ – канкрэтныя. Блізкасць, якая перажываецца з дапамогай сродкаў камунікацыі, – гэта дапамога, а ў сённяшніх умовах, як тлумачыць Папа, спосаб “выйсці з тунэля, а не застацца ў ім”

, - напісаў Андрэа Тарніелі.

Францішак заахвочвае “не лічыць нармальным такі парадак”, таму што “хрысціяне ўключаны ў супольнасць, з’яўляюцца часткай Божага народу”.

“Народу з плоці і крыві, які ламае хлеб, слухае Божае Слова, дзеліцца любоўю і праз сведчанне жыцця і канкрэтнай блізкасці абвяшчае ад чалавека да чалавека радасць Евангелля. Народу, які ўмее творча карыстацца магчымасцямі, што вынікаюць з новых тэхналогій, каб заставацца на сувязі і дасягаць самотных людзей, чакаючы, калі стане магчымым фізічна сабрацца вакол Эўхарыстычнага стала. Народу, якія штодня адчувае суправаджэнне Папы і з удзячнасцю глядзіць на шматлікіх святароў, законніц, валанцёраў, якія ў гэтыя дні знайшлі спосаб канкрэтна праяўляць блізкасць да тых, хто памірае, да адчужаных, рызыкуючы ўласным жыццём і нярэдка ахвяруючы ім”, - напісаў галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ.

18 красавіка 2020, 11:18