Пошук

Vatican News

Папскі прапаведнік: прыняць Марыю ў духоўнае жыццё

Багародзіца супрацоўнічала ў аднаўленні звышпрыроднага жыцця чалавечых душ і таму з’яўляецца нашай Маці паводле ласкі, - нагадаў прапаведнік Папскага дома.

У сувязі з немагчымасцю правесці традыцыйную сустрэчу ў капліцы Redemptoris Mater, прычынай чаму – каранцін, Папа і супрацоўнікі Рымскай курыі атрымалі 3 красавіка 2020 г. відэазапіс чацвёртага велікапоснага казання а. Раньера Канталамесы.

Капуцын засяродзіў свае думкі на словах, якія Езус скіраваў да Панны Марыі і св. Яна, што стаялі ля падножжа крыжа на Кальварыі: “Жанчына, вось сын Твой” і “Вось Маці твая”.

Прапаведнік зазначыў, што падчас Звеставання Марыя стала Маці Езуса, а калі апынулася ля крыжа свайго Сына – Маці ўсіх, хто верыць у Яго. У першым выпадку гаворка ідзе пра “рэальнае мацярынства”, а ў другім – пра духоўнае.

Час ад мукі і смерці аж да праслаўлення Езуса з’яўляецца кульмінацыяй усяго Святога Пісання, таму кожны выраз у гэтай частцы вельмі важны. Значэнне слоў Хрыста тут з’яўляецца паўсюдным і касцёльным: св. Ян прадстаўляе не толькі сябе, але ўсіх вучняў Езуса, якія былі давераны Марыі, і якім Марыя была дадзена як Маці, - сказаў італьянскі манах.

“Зачынаючы, нараджаючы, кормячы Хрыста, прадстаўляючы Яго ў святыні Айцу і церпячы разам са сваім Сынам падчас Яго канання на крыжы”, Марыя “сапраўды супрацоўнічала ў справе Збаўцы праз веру, надзею і адданую любоў дзеля аднаўлення звышпрыроднага жыцця чалавечых душ. Таму яна стала для нас Маці паводле ласкі”, - нагадаў а. Канталамеса словы дагматычнай канстытуцыі “Lumen gentium”.

Прапаведнік заклікаў узяць Марыю “у наша духоўнае жыццё”, як зрабіў св. Ян. Багародзіца пражыла свае апошнія гады менавіта ў доме гэтага вучня і немагчыма, каб Яна не аказала ўплыву на яго Евангелле, - дадаў капуцын.

Айцец Канталамеса заўважыў, што прыклад веры і надзеі Марыі вельмі каштоўны у пэўныя моманты нашага жыцця. “Бывае такі час у жыцці, калі патрэбна вера і надзея, як у Марыі. Калі здаецца, што Бог больш не чуе нашых малітваў, калі здаецца не трымае сваіх абяцанняў, калі дае прайсці праз паразы і здаецца, што сілы зла трыумфуюць на ўсіх франтах вакол нас; калі становіцца цёмна ў душы, як у той дзень, калі цемра сышла на ўсю зямлю, калі надыходзіць для цябе такі час, памятай пра веру Марыі і ўсклікай, як робяць іншыя: “Ойча мой, я больш Цябе не разумею, але давяраю Табе!”, - заклікаў а. Раньера Канталамеса.
 

03 красавіка 2020, 12:06