Пошук

Vatican News

Вялікая Пятніца ў Ватыкане: пакуты сталі “сакрамэнтам збаўлення”

Бог – наш саюзнік і пакутуе як кожныя бацька і маці. Свет жа, пасля пандэміі, павінен стаць больш братэрскім, чалавечым і хрысціянскім, - лічыць а. Канталамеса, які прамовіў казанне падчас літургіі Вялікай пятніцы, якую ўзначаліў Папа.

Прапаведнік Папскага дома прамовіў казанне падчас літургіі Мукі Пана, якую Францішак узначаліў 10 красавіка 2020 г. у ватыканскай базыліцы.

Капуцын заўважыў, што ў апавяданні пра пакуты Хрыста гаворка ідзе пра зло, “аб’ектыўна самае вялікае з таго, што калі-небудзь было ўчынена на зямлі”. Але менавіта дзякуючы Муцы Пана мы сталі “апраўданымі паводле веры ў Яго”, прымірыліся з Богам і былі “напоўнены надзеяй на вечнае жыццё”.

Крыж Хрыста змяніў сэнс болю і чалавечых пакут, як фізічных, так і маральных. Яны больш не ўспрымаюцца як пакаранне ці праклён, бо былі адкупленыя ў корані пасля прыняцця іх на сябе Сынам Божым.

“Што з’яўляецца самым надзейным доказам таго, што напой, які табе прапануе нехта, не атручаны? – Калі ён вып’е перад табой з таго ж келіха. Так зрабіў Бог: на крыжы перад абліччам свету Ён выпіў келіх болю да дна, такім чынам паказваючы, што ён не атручаны, і што на яго дне знаходзіцца жамчужына”, - заўважыў капуцын.

“Дзякуючы крыжу Хрыста, таксама і пакуты сталі свайго роду “паўсюдным сакрамэнтам збаўлення” для чалавечага роду”

, - адзначыў прапаведнік.

У такім ключы а. Канталамеса заклікаў паглядзець на актуальную сітуацыю ў свеце, выкліканую пандэміяй каронавіруса, якая пазбавіла людзей ілюзіі ўсемагутнасці. “Было дастаткова самага маленькага і бясформеннага прыроднага элемента, віруса, каб нагадаць нам, што мы смяротныя, што вайсковай і тэхналагічнай магутнасці недастаткова, каб збавіцца”, - сцвердзіў ён.

Прапаведнік заклікаў не паддавацца памылковай думцы, нібыта Бог спаслаў на чалавецтва каронавірус. “Бог – гэта наш саюзнік, не віруса. (...) Той, Які аднойчы плакаў, калі памёр Лазар, плача таксама гледзячы на бедства, што абрынулася на чалавецтва. Бог пакутуе як кожны бацька і кожная маці. Калі аднойчы мы гэта ўсвядомім, нам стане сорамна за ўсе абвінавачванні, якія ў сваім жыцці скіравалі супраць Яго”, - сцвердзіў капуцын.

Ён заўважыў, што Бог не хацеў крыжовай смерці свайго Сына, нават для здабывання з яе дабра. Ён проста не перашкаджаў рэалізацыі чалавечай свабоды, але зрабіў так, каб яна паслужыла не людской задуме, а Ягонай.

“Гэта тычыцца таксама прыродных катаклізмаў, землятрусаў і эпідэмій. Не Бог выклікае іх. Ён даў і прыродзе свайго роду свабоду, вядома, якасна іншую ад маральнай свабоды чалавека, але ўсё ж свабоду – свабоду развівацца паводле сваіх законаў. Бог не стварыў свет як гадзіннік, запраграмаваны загадзя адносна кожнага свайго руху. Гэта тое, што некаторыя называюць выпадкам, але што Біблія называе “Божай мудрасцю”

, - заўважыў а. Канталамеса.

Прапаведнік звярнуў увагу на той факт, што пандэмія абудзіла ў людзях і народах салідарнасць, адзінства, разбурыла муры і адметнасці. “Мы не павінны вярнуцца назад, калі завершыцца гэта час”, - заклікаў ён.

“Скажам “хопіць” гонцы ўзбраенняў. Крычыце аб гэтым вы, моладзь, бо ў першую чаргу на кон пастаўлены ваш лёс. Накіруем бязмежныя рэсурсы, прызначаныя на ўзбраенні, на тыя мэты, дзе ў актуальнай сітуацыі бачым тэрміновую патрэбу: на ахову здароўя, гігіену, харчаванне, барацьбу з беднасцю, абарону прыроды. Калі будзе трэба, пакінем будучаму пакаленню свет, больш бедны рэчамі і грашыма, але больш багаты чалавечнасцю”, - сказаў манах.

“Праз тры дні ўваскрэсну”, - прадказваў Езус. Таксама і мы пасля гэтых дзён, якія, спадзяёмся, не будуць доўгімі, уваскрэснем і выйдзем з магіл – нашых дамоў. Не для таго, каб вярнуцца да ранейшага жыцця, як Лазар, але да новага жыцця, як Езус. Да жыцця больш братэрскага, больш чалавечага, больш хрысціянскага!”, - завяршыў сваё казанне прапаведнік Папскага дома.

10 красавіка 2020, 18:58