Пошук

Vatican News

Святы Пасад: новыя інструкцыі адносна цэлебрацый Вялікага тыдня

Францішак упаўнаважыў Кангрэгацыю Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў выдаць дэкрэт з новымі інструкцыямі адносна цэлебрацыі Вялікага тыдня ў гэтым годзе.

Дакумент абнаўляе агульныя ўказанні, дадзеныя ў папярэднім дэкрэце ад 19 сакавіка 2020 г., прадыктаваныя сітуацыяй, звязанай з пандэміяй каронавіруса.

“Паколькі дата Вялікадня не можа быць перанесена, у краінах, дзе існуюць абмежаванні на збор і перамяшчэнне людзей, біскупы і святары павінны цэлебраваць абрады Вялікага тыдня без удзелу людзей і ў адпаведным месцы, пазбягаючы канцэлебрацыі і абыходзячы перадачу знаку супакою. Вернікаў варта праінфармаваць пра пачатак літургіі, каб яны маглі далучыцца да малітвы ў сваіх дамах. Дапамогай тут можа стаць тэлевяшчанне – у прамым эфіры, не ў запісу. У любым выпадку важна прысвяціць дастатковы час для малітвы, аддаючы перавагу Літургіі гадзінаў. Канферэнцыі Біскупаў і асобныя дыяцэзіі павінны прапанаваць дапамогу ў арганізацыі сямейнай і асабістай малітвы”, - гаворыцца ў новым дэкрэце.

У дакуменце даюцца літургічныя рэкамендацыі па асобных днях Вялікага тыдня.

У Пальмовую нядзелю цэлебрацыя Успаміну ўваходу Пана ў Ерузалем павінна адбывацца ў сакральным будынку. У катэдральных касцёлах павінна выкарыстоўвацца другая форма, прадугледжаная Рымскім Імшалам, а ў парафіяльных і іншых – трэцяя.

Пасля ацэнкі сітуацыі ў сваёй краіне, біскупскія канферэнцыі могуць даць рэкамендацыі па магчымым перанясенні на іншы час Імшы Хрызма.

Абрад абмывання ног у Вялікі чацвер падчас Імшы Вячэры Пана, які з’яўляецца неабавязковым, варта выключыць. Таксама трэба адмовіцца ад працэсіі ў канцы літургіі і пакінуць Найсвяцейшы Сакрамэнт у табернакулюме. У гэты дзень святарам даецца выключны дазвол на цэлебрацыю св. Імшы без удзелу вернікаў. Яна павінна адбывацца ў адпаведным месцы.

У Вялікую пятніцу падчас Малітвы вернікаў павінна прагучаць адмысловая інтэнцыя за тых, хто знаходзіцца ў небяспецы, хворых, памерлых. Аб гэтым павінен паклапаціцца біскуп. Адарацыя Крыжа праз пацалунак абмяжоўваецца выключна да цэлебранса.

Пасхальная вігілія павінна цэлебравацца толькі ў катэдрах і парафіяльных касцёлах. У Літургіі хросту пакідаецца толькі Аднаўленне хросных абяцанняў.

Кангрэгацыя звяртае ўвагу, што духоўным семінарыям, святарскім калегіумам, кляштарам і манаскім супольнасцям неабходна выконваць інструкцыі, змешчаныя ў дадзеным дэкрэце.

Абрады, звязаныя з народнай пабожнасцю, і працэсіі, якія ўзбагачаюць дні Вялікага тыдня і Пасхальнага Трыдуума, можна, у залежнасці ад ацэнкі дыяцэзіяльнага біскупа, перанесці на іншыя зручныя дні, напрыклад на 14 і 15 верасня.

Навіна ў фармаце аўдыё
25 сакавіка 2020, 14:39