Пошук

Vatican News

Папскі прапаведнік: надзея – як кісларод для чалавека

Касцёл павінен несці надзею, абвяшчаючы, што пакуты не з’яўляюцца абсурдам, што яны маюць сэнс, бо пасля смерці ёсць уваскрасенне, - падкрэсліў Прапаведнік Папскага дома.

У сувязі з немагчымасцю правесці традыцыйную сустрэчу ў капліцы Redemptoris Mater, прычынай чаму – каранцін, Папа і супрацоўнікі Рымскай курыі атрымалі 27 сакавіка 2020 г. відэазапіс трэцяга велікапоснага казання а. Раньера Канталамесы.

Капуцын засяродзіў свае думкі на вобразе Панны Марыі ля падножжа крыжа Езуса. Застаючыся побач з Ім да самага апошняга моманту, Багародзіца стала “мучаніцай веры”, “найвышэйшай сведкай даверу да Бога, пасля свайго Сына.

Таксама і Касцёл павінен наследаваць прыклад Марыі. Аднак, не дастаткова проста стаяць “ля крыжа”, гераічна перажываючы пакуты, але знаходзіцца “ля крыжа Езуса”, прымаючы пакуты з верай. “Самае галоўнае – гэта вера. Самым вялікім у Марыі пад крыжам была Яе вера, яшчэ большая за Яе пакуты”, - зазначыў прапаведнік

На Кальварыі Марыя падзяліла са сваім Сынам не толькі смерць, але і пачатак уваскрасення. Вобраз Марыі ля падножжа крыжа, дзе яна выглядае смутнай, прыгнечанай, заплаканай, з’яўляецца няпоўным. “На Кальварыі яна стаіць не толькі як Маці Балесная, але і як Маці Надзеі”, - адзначыў італьянскі манах.

“Як Марыя знаходзілася побач з Укрыжаваным Сынам, так і Касцёл пакліканы быць побач з сучаснымі ўкрыжаванымі: беднымі, спакутаванымі, прыгнечанымі, абражанымі. Быць побач, даючы надзею. Не дастаткова спачуваць і суцяшаць. Гэтага мала. Гэта могуць рабіць усе, нават тыя, хто не ведае ўваскрасення. Касцёл павінен несці надзею, абвяшчаючы, што пакуты – гэта не абсурд, што яны маюць сэнс, бо пасля смерці будзе ўваскрасенне...”, - падкрэсліў айцец Канталамеса.

Прапаведнік Папскага дома параўнаў надзею з кіслародам, патрэбным для жыцця кожнаму чалавеку, а таксама Касцёлу. Ён заклікаў заставацца “саўдзельнікамі надзеі”, каб “нараканні перамяніліся ў даверлівае чаканне ўмяшання Бога”.

Навіна ў фармаце аўдыё
27 сакавіка 2020, 14:15