Пошук

Vatican News

Каронавірус: візіты ad limina адкладваюцца – пакуль да Вялікадня

Візіты біскупаў ad limina Apostolorum у Ватыкан прыпыненыя да Вялікадня. Пра гэта паведаміў кардынал Марк Уэле, прэфект Кангрэгацыі па справах біскупаў.

Гэта звязана з успышкай каронавіруса і каранцінам усёй краіны, абвешчаным італьянскімі ўладамі, што значна ўскладняе арганізацыю прыезду біскупаў з усяго свету.

Такім чынам, не адбудуцца візіты двух чарговых груп французскіх біскупаў, запланаваныя на 16-29 сакавіка 2020 г. Першую групу Францішак прыняў 9 сакавіка. Адмена ad limina датычыцца і груп біскупаў з Бразіліі, якія ўжо некалькі тыдняў рэгулярна прыязджаюць у Ватыкан з асобных касцёльных правінцый. Кардынал-прэфект паведаміў, што будуць прызначаны новыя даты.

Ad limina Apostolorum – “да апостальскіх парогаў” – гэта перыядычныя візіты біскупаў з усяго свету, падчас якіх яны сустракаюцца з Папам, наведваюць ведамствы Рымскай курыі, абмяркоўваючы розныя аспекты дзейнасці Касцёла ў сваёй краіне. Акрамя таго, іерархі цэлебруюць св. Імшы ў чатырох папскіх базыліках.

Навіна ў фармаце аўдыё
11 сакавіка 2020, 12:08