Пошук

Vatican News

Адкрыццё архіваў Пія ХІІ: праўда пра нацызм і камунізм

З 2 сакавіка 2020 г. усе ватыканскія архівы пантыфікату Пія XII былі адкрыты для даследчыкаў. З іх вынікае вобраз Папы, які быў сапраўдным абаронцам цывілізацыі, - запэўніў Ёхан Ікс.

Кіраўнік Гістарычнага архіва Другой секцыі Дзяржаўнага сакратарыята нагадаў, што афіцыйныя дакументы Пія XII часоў Другой сусветнай вайны ўжо былі вядомыя раней. Зараз з’явілася магчымасць доступу да неафіцыйных тэкстаў, якія дазволяць рэканструяваць генезіс папскай дзейнасці, усю “закулісную” гісторыю.

Ватыканскі гісторык таксама адзначае, што грамадскі інтарэс неапраўдана сканцэнтраваны толькі на першым этапе пантыфікату, звязаным з вайной. Не менш важным з’яўляецца стаўленне Пія XII да іншага зла гэтай эпохі, якім быў камунізм. І тут можна чакаць шмат па-сапраўднаму важных адкрыццяў.

Ікс таксама нагадаў, што, насуперак усяму, Святы Пасад не саромеўся адкрыць свае архівы, наадварот, зрабіў іх даступнымі раней вызначанага часу. Згодна з звычайнай практыкай, адкрыцця архіваў Пія XII давялося б пачакаць яшчэ дзесяць гадоў.

“Не мне каментаваць рашэнне папы Францішка, тым не менш, я лічу, што яно вельмі станоўчае, паколькі выражае волю да вывучэння гістарычнай праўды. Тым больш, што гэта тычыцца такой страшнай главы гісторыі чалавецтва, як Другая сусветная вайна з усімі наступствамі нацызму, але і камунізму, пра якія дагэтуль вельмі мала гавораць. Усе канцэнтруюцца на Другой сусветнай вайне, але нельга забываць, што другая частка гэтага пантыфікату абцяжарана тым, што палова Еўропы была акупавана Саветамі. Жыццё Касцёла знаходзілася там пад сур’ёзнай пагрозай і нават было знішчана. Быў пераслед духавенства. Шмат святароў трапілі ў турмы. Вялікі націск быў аказаны на вернікаў, яны былі пазбаўлены грамадзянскіх правоў. Мы таксама даведаемся пра гэта з архіваў. І гэта не будзе радасная, але больш праўдзівая і рэалістычная карціна”, - заўважыў Кіраўнік Гістарычнага архіва Дзяржсакратарыята.

Год таму Францішак прыняў рашэнне адкрыць архівы, якія датычацца пантыфікату Пія XII – перыяду з 2 сакавіка 1939 г. па 9 кастрычніка 1958 г. Ватыканскі апостальскі архіў даў доступ да 151 тыс. дакументаў. Гаворка ідзе ў тым ліку пра рукапісы Эўджэніа Пачэлі.

Навіна ў фармаце аўдыё
03 сакавіка 2020, 13:13