Пошук

Кардынал Майкл Чэрны. Ілюстрацыйнае фота Кардынал Майкл Чэрны. Ілюстрацыйнае фота 

Ватыканскі кардынал пра новую адгартацыю Святога Айца

Трэба палюбіць Амазонію і яе народы, каб захаваць планету, - заўважыў кардынал Майкл Чэрны ў каментары да новай Апостальскай адгартацыі Францішка “Querida Amazonia”.

Падсакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека і Спецыяльны сакратар апошняга Сінода Біскупаў заўважыў, што “лёс Амазоніі тычыцца ўсіх нас, бо ўсё ўзаемазвязана, а захаванне гэтага рэгіёну і яго карэнных народаў мае ключавое значэнне для ўсяго свету”.

Гаворачы пра падрыхтоўку дакумента, кардынал Чэрны нагадаў, што Папа абяцаў прадставіць яго канчатковы тэкст да канца 2019 г. Святы Айцец стрымаў слова і перадаў яго 27 снежня 2019 г. Перад публікацыяй дакумента, вядома, быў патрэбны час для яго рэдакцыі, перакладу і падрыхтоўкі да друку. У выніку ён быў абнародаваны 12 лютага 2020 г., нагадаў іерарх.

Паводле кардынала, “сэрцам адгартацыі з’яўляецца любоў Папы да Амазоніі і наступствы гэтай любові: пераварот у агульным спосабе мыслення аб адносінах паміж багаццем і беднасцю, развіццём і аховай навакольнага асяроддзя, абаронай культурных каранёў і адкрытасцю на іншых”.

Гаворачы пра змест дакумента, іерарх нагадаў, што ў ім выражаны чатыры мары Святога Айца. “Францішак марыць пра супольныя высілкі ўсіх на карысць абароны правоў самых бедных, пра правы карэнных народаў, правы самых апошніх у Амазоніі. Ён марыць аб Амазоніі, якая захавае сваё культурнае багацце. Яго экалагічная мара тычыцца Амазоніі, якая бароніць сваё багатае жыццё. І нарэшце, ён марыць пра хрысціянскія супольнасці, здольныя трапіць у Амазонію і будаваць Касцёл з амазонскім абліччам”, - сказаў кардынал.

Ватыканскі іерарх прызнаўся, што яго асабіста ўразіў заклік Францішка да апостальскага запалу ў абвяшчэнні Евангелля карэнным народам, без чаго касцёльныя структуры ў рэгіёне нічым не будуць адрознівацца ад няўрадавых арганізацый. Ён заўважыў, што праз абвяшчэнне і сведчанне Евангелля ў розных культурах, Касцёл узбагачаецца тым, што Святы Дух у іх пасеяў.

Кардынал Чэрны звярнуў увагу на папскі заклік да вернікаў, маліцца аб пакліканнях да святарства, і да біскупаў, з большай шчодрасцю пасылаць святароў у місійныя рэгіёны. У той жа час, Святы Айцец выказаў падзяку жанчынам, дзякуючы якім вера захавалася ў многіх мясцовых супольнасцях.

Жанчыны павінны мець доступ да касцёльных функцый і служэння, не звязаных з пасвячэннем, пастаянных і публічна прызнаных біскупамі, - заўважыў сакратар Сінода Біскупаў па Амазоніі. “Магчыма, надышоў час пераглядзець формы служэння свецкіх вернікаў, якія ўжо існуюць у Касцёле, каб вярнуцца да іх вытокаў і абнавіць іх, прачытаць у святле рэчаіснасці і натхнення Духа, і ў той жа час стварыць іншыя, новыя, пастаянныя формы служэння, якія будуць карыстацца публічным прызнаннем і згодай біскупаў”, - лічыць кардынал Чэрны.

Навіна ў фармаце аўдыё
13 лютага 2020, 11:22