Пошук

Vatican News

Святы Пасад: хутка адкрыццё архіваў пантыфікату Пія ХІІ

Святы Пасад адкрые для навукоўцаў архівы з перыяду пантыфікату Пія ХІІ, які прыйшоўся на Другую сусветную вайну. Зала Друку правядзе 20 лютага 2020 г. спецыяльную прэзентацыю ініцыятывы.

Сама цырымонія адкрыцця архіваў перыяду ад 1939 па 1958 гг. запланавана на 2 сакавіка 2020 г.

У ватыканскай прэзентацыі, на якую запрасілі журналістаў, акрэдытаваных пры Святым Пасадзе, прымуць удзел, між іншым, кардынал Жозэ Таленціну Мендонса, Архівіст і Бібліятэкар Святога Рымскага Касцёла; біскуп Серджа Пагана, Прэфект Ватыканскага апостальскага архіва, а таксама супрацоўнікі архіва Кангрэгацыі Веравучэння, гістарычнага архіва Кангрэгацыі евангелізацыі народаў, гістарычнага архіва Секцыі па адносінах з дзяржавамі Дзяржаўнага сакратарыята.

Год таму папа Францішак прыняў рашэнне адкрыць архівы, якія датычаць пантыфікату Пія XII – перыяду з 2 сакавіка 1939 г. па 9 кастрычніка 1958 г. Ватыканскі апостальскі архіў дасць доступ да 151 тыс. пазіцый. Гаворка ідзе ў тым ліку пра рукапісы шматлікіх выступленняў Эуджэніа Пачэлі і пра тэксты, у якія ён уласнаручна ўносіў праўкі.

З дакументамі кваліфікаваным даследчыкам можна будзе азнаёміцца бясплатна і свабодна. Адзіным патрабаваннем з’яўляецца валоданне адпаведнай навуковай або ўніверсітэцкай ступенню і рэкамендацыйны ліст ад акрэдытаванага гістарычнага навукова-даследчага інстытута або прафесара, кампетэнтнага ў галіне гістарычных даследаванняў.

Цікавасць даследчыкаў да пантыфікату Пія XII вельмі высокая, паколькі ён прыйшоўся на час глабальных гістарычных змен і Другой сусветнай вайны.

4 лютага 2019 г., падчас сустрэчы з супрацоўнікамі Ватыканскага сакрэтнага архіву, Францішак адзначыў, што постаць Пія ХІІ, якому давялося кіраваць Касцёлам у адзін з самых смутных і цёмных момантаў ХХ стагоддзя, нярэдка станавілася аб’ектам дыскусій і крытыкі, заснаванай на “забабонах або перабольшваннях”. Сёння гэты Пантыфік “належным чынам ацэнены і прадстаўлены ў справядлівым святле, дзякуючы яго шматгранным якасцям: у першую чаргу, пастырскім, але і тэалагічным, аскетычным, дыпламатычным”, - лічыць Папа.

Францішак прызнаўся, што прыняў рашэнне аб адкрыцці архіваў з упэўненасцю, што даследаванні змогуць праліць святло на хвалебныя хвіліны дзейнасці Пія ХІІ, падтрымкай гуманітарных ініцыятыў і актыўнымі дыпламатычнымі намаганнямі, і паказаць яго ў цяжкія моманты, звязаныя з прыняццем складаных рашэнняў.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 лютага 2020, 13:27