Пошук

Vatican News
Лагатып Сінода Біскупаў па Амазоніі Лагатып Сінода Біскупаў па Амазоніі 

У Ватыкане пройдзе прэзентацыя адгартацыі аб Амазоніі

12 лютага 2020 г. у Ватыкане пройдзе прэзентацыя паслясінадальнай Апостальскай адгартацыі Святога Айца “Querida Amazonia” (Дарагая Амазонія), - паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

Дакумент з’яўляецца падсумаваннем Спецыяльнай Асамблеі Сінода Біскупаў на тэму “Амазонія – новыя шляхі для Касцёла і інтэгральнай экалогіі”, якая праходзіла з 6 па 27 кастрычніка 2019 г. у Ватыкане.

Падчас прэзентацыі выступяць: кардынал Ларэнца Балдзісэры, Генеральны сакратар Сінода Біскупаў; кардынал Майкл Чэрны, Спецыяльны сакратар Сінода па Амазоніі; кс. Адэльсан Араўжа-Душ-Сантуш, тэолаг і выкладчык Папскага грыгарыянскага ўніверсітэта; сястра Аўгуста Дэ Аліўера з кангрэгацыі Сясцёр Служак Марыі; прафесар Карлас Нобрэ, навуковец-кліматолаг з Бразіліі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2007 г. З відэапасланнем звернецца біскуп Давід Марцінэс-Дэ-Агуірэ-Гвінэа, пастыр Апостальскага вікарыяту Пуэрта-Мальданада ў Перу і Спецыяльны сакратар Сінода па Амазоніі.

“Querida Amazonia” стане пятай адгартацыяй Францішка. Ёй папярэднічалі: “Evangelii gaudium”, аб абвяшчэнні Евангелля ў сучасным свеце (2013); “Amoris laetitia”, аб любові ў сям’і (2016); “Gaudete et exsultate”, аб пакліканні да святасці (2018); і “Christus vivit”, аб веры, моладзі і распазнанні паклікання (2019).

Навіна ў фармаце аўдыё
08 лютага 2020, 10:04