Пошук

Vatican News

Старшыня Папскай акадэміі: лепш разумець вялікую таямніцу жыцця

“Дзень за жыццё – гэта спрыяльная магчымасць лепш зразумець вялікую таямніцу, якой ёсць жыццё, незвычайны дар жыцця, які мы атрымалі”, - так пракаментаваў падзею арцыбіскуп Вінчэнца Палья.

Старшыня Папскай акадэміі нагадаў, што жыцця ніхто з людзей не прасіў і ніхто не заслужыў. Мы ўсе нарадзіліся дзякуючы іншым, ніхто не нараджаецца дзякуючы сабе, усе атрымліваюць гэты каштоўны дар.

“Я лічу, што асабліва ў гэты Дзень за жыццё трэба задумацца над тым, што жыццё мы атрымалі, таму трэба ім разумна карыстацца, не марнаваць яго і не знішчаць, абараняць яго на кожным этапе, і асабліва – а гэта, здаецца, самае важнае – дзяліцца ім з іншымі. Кожны з нас разумее, што жыць выключна для сябе – гэта вельмі мала, і наадварот, калі мы ахвяруем жыццё, яно становіцца багацейшым. І гэта самы мудры мэсэдж, самы галоўны для разумення нашай сітуацыі, калі свет закрываецца ў сабе, а канфлікты памнажаюцца”, - перакананы арцыбіскуп Палья.

Акрамя абароны і папулярызацыі жыцця, супрацьстаяння абортам і жорсткаму абыходжанню, сёлета асаблівая ўвага надаецца ролі бацькі ў сям’і. Ён суправаджае ўсё жыццё, падтрымлівае і перадае мудрасць. Арцыбіскуп Палья заўважыў, што сёння шмат гаворыцца пра своеасаблівае знікненне бацькі.

Касцёл у Італіі жадае сказаць: “Паглядзіце, нам усім патрэбны бацька, таму што мы атрымалі жыццё, якое трэба абараняць і, у пэўны момант, перадаваць. Мы ўсе застаёмся або былі дзецьмі, але таксама застаёмся розным чынам бацькамі, перадаючы жыццё тым, хто ў гэтым мае патрэбу”, - падкрэсліў старшыня Папскай акадэміі жыцця.

Дзень за жыццё Касцёл у Італіі праводзіў сёлета ўжо ў 42-раз.

Навіна ў фармаце аўдыё
04 лютага 2020, 12:48