Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыканскі прэфект: падтрымаць людзей з рэдкімі хваробамі

У свеце налічваецца каля 300 тыс. чалавек, якія пакутуюць ад рэдкіх хваробаў. Такая значная лічба не можа ігнаравацца і заслугоўвае ўвагі, - падкрэсліў кардынал Пітэр Тарксан.

Прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека скіраваў спецыяльнае пасланне з нагоды ХІІІ Міжнароднага дня рэдкіх захворванняў, які сёлета адзначаецца 29 лютага.

Ватыканскі іерарх звярнуў увагу на цяжкасці з дыягнаставаннем рэдкіх хваробаў, маргіналізацыю іх носьбітаў, а таксама іх адчуванне сябе бяссільнымі перад абліччам няшчасця. Сітуацыя гэтых людзей з’яўляецца асабліва складанай у бедных краінах.

Кардынал Тарксан пажадаў, каб пры захаванні права навуковай медыцынскай супольнасці і фармацэўтычных кампаній на інтэлектуальную ўласнасць і справядлівы прыбытак, яны, аднак, лічыліся з правам людзей на ўстанаўленне дыягназу і на доступ да належнай тэрапіі.

Прадстаўнік Святога Пасаду нагадаў пра ўплыў рэдкіх хваробаў на штодзённае жыццё цэлых сем’яў, таму заклікаў быць больш уважлівымі да патрэбаў гэтых людзей, звязаных не толькі з барабьбой з хваробай, але таксама з харчаваннем, рэабілітацыйнай і спартыўнай дзейнасцю, арганізацыяй вольнага часу.

Іерарх падкрэсліў, што хворыя асобы пакутуюць не толькі ад фізічнай нястачы, але таксама ад недахопу адносін з людзьмі, ад недахопу ведаў, эмоцый і духоўнасці, таму акрамя тэрапіі, яны чакаюць падтрымкі, клопату, увагі і любові.

“Было б па-сапраўднаму цудоўна, калі б мы ўсе, разам з сем'ямі, медыцынскімі, сацыяльнымі, душпастырскімі работнікамі, валанцёрамі, узялі клопат пра гэтых нашых братоў і сясцёр, якія пакутуюць ад рэдкіх захворванняў, злучаючы медыцынскі клопат з сацыяльнай дзейнасцю, якая дазволіць ім адчуць сябе дынамічнай часткай грамадства”, - напісаў прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавек.

Навіна ў фармаце аўдыё
29 лютага 2020, 11:56