Пошук

Фрэска з выявай св. Мікалая. Ілюстрацыйнае фота Фрэска з выявай св. Мікалая. Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Кох пра важнасць экуменізму святых і культур

Экуменізм святых з’яўляецца важным, таму што ўключае ўсіх вернікаў, - падкрэсліў кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.

У інтэрв’ю Vatican News іерарх зазначыў, што экуменічныя адносіны звычайна развіваюцца на высокім узроўні рэлігійных лідараў і вузкага кола тэолагаў. Але, калі сканцэнтраваць увагу на постацях святых, да яго змогуць далучыцца ўсе вернікі.

Менавіта па гэтай прычыне штогадовая сустрэча прадстаўнікоў Апостальскай Сталіцы і Маскоўскага Патрыярхату сёлета будзе прысвечана святым, як зерню адзінства. Яна адбудзецца 12 лютага 2020 г. – у чацвёртую гадавіну сустрэчы Святога Айца Францішка і Патрыярха Кірыла на Кубе. Дэлегацыю Рускай Праваслаўнай Царквы на сустрэчы ўзначаліць Мітрапаліт Іларыён, кіраўнік Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату.

“Пасяджэнне двухбаковага камітэту па культуры адбудзецца раніцай у сераду. Мы абмяркуем сумесныя праекты на будучыню. Гэты культурны экуменізм вельмі важны. Трэба памятаць, што падзел хрысціянства на ўсходняе і заходняе ў першую чаргу вызначаўся не тэалагічнымі, а культурнымі адметнасцямі. Усходнія і заходнія хрысціяне не маглі зразумець адно аднаго. Менавіта таму ўзаемнае пазнанне культур дапамагае аднавіць адзінства”, - сказаў кардынал Кох.

Ватыканскі іерарх звярнуў увагу таксама на важнасць супрацоўніцтва ў сацыяльнай сферы, паколькі сёння Цэрквы сутыкаюцца з падобнымі праблемамі і могуць разам даваць сведчанне. У якасці прыкладу ён прыгадаў пра мінулагоднюю сустрэчу, якая прайшла ў Маскве і была прысвечана эўтаназіі, што ўяўляе сабой сур’ёзную праблему для еўрапейскіх краін.

Навіна ў фармаце аўдыё
11 лютага 2020, 09:26