Пошук

Vatican News

Адкрыццё архіваў: лепш зразумець пантыфікат Пія ХІІ

Дзякуючы адкрыццю дакументаў пантыфікату Пія ХІІ, многія пытанні будуць удакладнены і лепш вывучаны, - перакананы Прэфект Ватыканскага апостальскага архіва.

2 сакавіка 2020 г. навукоўцы атрымаюць доступ да 151 тыс. архіўных матэрыялаў. Больш за 150 асоб ужо заявілі аб жаданні даследаваць дакументы.

Біскуп Серджа Пагана нагадаў, што рашэнне аб поўным адкрыцці дакументацыі пантыфікату Пія XII год таму прыняў Францішак. З гэтай нагоды Папа запэўніў, што Касцёл не баіцца гісторыі, і праведзеныя даследаванні пасадзейнічаюць належнай ацэнцы як вялікіх момантаў, так і вялікіх цяжкасцей, складаных рашэнняў, чалавечай і хрысціянскай разважлівасці гэтага пантыфікату.

Прэфект падкрэсліў, што наяўныя дакументы адлюстроўваюць увесь пантыфікат Пія XII, які стаў другім па працягласці пасля Яна Паўла II.

Папа Пій ХІІ
Папа Пій ХІІ

“Непасрэднае чаканне адкрыцця архіваў, прысвечаных пантыфікату Пія XII, працягваецца ўжо каля 15 гадоў. Столькі часу спатрэбілася маім калегам, каб падрыхтаваць усю велізарную па памеры дакументацыю: апісаць яе, каталагізаваць, падрыхтаваць для запазычання. Яна ўся была алічбавана, таму навукоўцы, гісторыкі знойдуць яе ў нашым архіве і змогуць вывучыць праз інтэрнэт у нашых залах”, - падкрэсліў біскуп Пагана.

Вялікія чаканні цалкам зразумелыя, паколькі пантыфікат Пія XII вельмі важны і вырашальны. Ён тычыцца той часткі чалавечай гісторыі, якая была адзначана трагедыяй Другой сусветнай вайны, а таксама ўсяго, што адбывалася вакол гэтага канфлікту і адразу пасля яго заканчэння, - заўважыў іерарх.

“Вядома, драма Шоа выходзіць на першы план, і таму яўрэяў чакаюць шмат навін. Але ў крыніцах адносна Пія XII таксама ёсць шмат важных дакументаў, якія тычацца адносін Святога Пасаду з таталітарнымі рэжымамі, канкардатаў, заключаных з рознымі краінамі. Таму будзе магчымасць лепш зразумець пазіцыю Папы і Святога Пасаду адносна рэлігійнай палітыкі ці, напрыклад, камунізму. Мы таксама даведаемся пра вялікую працу Пія XII у сферы дабрачыннасці”, - анансаваў прэфект Ватыканскага апостальскага архіва.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 лютага 2020, 13:00