Пошук

Vatican News

Выпуск навін на лацінскай паўгода ў эфіры Ватыканскага радыё

Ужо паўгода ў эфіры Ватыканскага радыё гучыць выпуск навін на лацінскай мове “Hebdomada Papae”. За яе падрыхтоўку адказвае супрацоўнік Дзяржаўнага сакратарыяту, кс. Вальдэмар Турэк.

“Лацінская мова, хоць і вельмі важная для культуры і Касцёла, паходзіць з іншых часоў. Размаўляць на сучасныя тэмы на ёй не проста”, - патлумачыў польскі святар. “Усё менш і менш духоўных і свецкіх асоб ведаюць гэтую мову і сапраўды жменька тых, хто яе штодзённа выкарыстоўвае”, - дадаў ён.

Шмат гадоў навіны на старажытнай мове трансліравала грамадскае радыё Фінляндыі. Іх рыхтавалі выкладчыкі мясцовага ўніверсітэта. “Мы пачалі ствараць наш выпуск менавіта тады, калі яны адмовіліся ад гэтага”, - заўважыў кс. Турэк.

“Аказалася, што ў Хельсінкі не хапае выкладчыкаў і экспертаў лацінскай мовы, якія маглі б распавесці на ёй пра сучасныя падзеі, людзей і тэхналогіі. Думаю, хоць я і не ўпэўнены, што на дадзены момант Ватыканскае радыё – адзіная ў свеце радыёстанцыя, якая вяшчае на лацінскай хаця б некалькі хвілін у тыдзень”, - заўважыў святар.

Навіны Ватыканскага радыё “Hebdomada Papae” можна слухаць на нашай старонцы ў раздзеле Падкасты.

04 студзеня 2020, 12:24