Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Кардынал: у падыходзе да кансэкраванага жыцця патрэбны змены

Пра выклікі, якія стаяць перад жаночымі манаскімі супольнасцямі, распавёў кардынал Жуан Брас дэ Авіс у інтэрв’ю часопісу “Chiesa, donna, mondo – “жаночаму” дадатку да газеты “L’Osservatore Romano”.

Прэфект Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця звярнуў увагу на сітуацыю з пакліканнямі на розных кантынентах. Еўропа перажывае па-сапраўднаму цяжкі перыяд: многія кляштары закрываюцца, шмат законніц пакідае супольнасці. Адваротная сітуацыя ў Азіі, дзе колькасць пакліканняў расце. “Напрыклад, у В’етнаме, камуністычнай краіне, у навіцыят штогод прыходзяць каля тысячы асоб. Такі ж феномен мы бачым у Афрыцы, а ў Лацінскай Амерыцы назіраецца застой”, - сказаў іерарх.

Паводле кардынала, у Еўропе кансэкраванае жыццё мае моцныя карані, але састарэў падыход, у першую чаргу, да фармацыі, якая павінна быць больш персаналізаванай і сістэматычнай – працягвацца ўсё жыццё. Ён звярнуў увагу на праблемы з пачуццём братэрства і падыходам да паслухмянасці. Прэфект лічыць, што патрэбна больш глыбокае ўзаемадзеянне паміж мужчынскімі і жаночымі манаскімі супольнасцямі, паміж больш багатымі і беднымі Ордэнамі.

“Часам здараецца, што пяць жанчын распараджаюцца велізарнай спадчынай. Гэта вялікая праблема, бо матэрыяльныя даброты належаць не кангрэгацыі ці гэтым пяці асобам, але ўсяму Касцёлу. Мы правялі два сімпозіумы на гэтую тэму. Папа Францішак падказаў нам дзве рэчы: па-першае, заклікаў да прафесійнасці, большай кампетэнтнасці, паколькі фінансы і кіраванне рэсурсамі, гэта навука; па-другое, вярнуцца да евангельскіх каштоўнасцей”, - звярнуў увагу іерарх.

Кардынал Жуан Брас дэ Авіс
Кардынал Жуан Брас дэ Авіс

Гаворачы пра прычыны, якія падштурхоўваюць манахінь пакідаць супольнасць, кардынал-прэфект звярнуў увагу на ўплыў культурнага кантэксту, у якім “цяжка прыняць адказнасць на ўсё жыццё”; на раны, якія людзі носяць у душы; на расчараванне і злоўжыванні ўладай.

“У нас ёсць выпадкі, на шчасце іх не шмат, калі генеральныя настаяцельніцы, пасля выбару, ніколі не саступілі свайго месца. Яны абышлі ўсе правілы, хацелі нават змяніць статуты, каб кіраваць да канца жыцця. У супольнасцях ёсць манахіні, якія намагаюцца ім слепа падпарадкоўвацца, не агучваюць свайго меркавання. Часта гэта адбываецца па прычыне страху перад настаяцельніцай. Але ў духу сапраўднай паслухмянасці трэба казаць тое, што Пан раіць у душы, з адвагай і праўдзівасцю, каб больш прасвяціць настаяцельніцу для прыняцця рашэння. А потым быць паслухмянымі, як рабіў Езус.”, - раіў кардынал.

Прэфект нагадаў, што згодна з рэкамендацыямі Папы, у Рыме для былых законніц быў створаны спецыяльны цэнтр дапамогі, паколькі выхад з манаскай супольнасці, гэта цяжкі і траўматычны досвед.

Паводле кардынала Авіса, нягледзячы на цяжкасці, многія манахіні імкнуцца прысутнічаць на “лініі фронту”, дзе рызыкуюць жыццём, сустракаюцца з пагардай. “Кансэкраваныя жанчыны вельмі мужныя, вельмі адважныя, магчыма, дзякуючы сіле мацярынства. Гэта тое, што папа Францішак просіць нас не згубіць”, - звярнуў увагу прэфект Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця ў інтэрв’ю ватыканскаму жаночаму часопісу.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 студзеня 2020, 12:49