Пошук

Vatican News
Кардынал Кох на цырымоніі ў Яд ва-Шэм Кардынал Кох на цырымоніі ў Яд ва-Шэм 

Дэлегацыя Святога Пасаду на міжнародным форуме ў Яд ва-Шэм

Прадстаўнікі Апостальскай Сталіцы бралі ўдзел у міжнароднай канферэнцыі Сусветнага форума памяці Халакоста, якая прайшла 23 студзеня 2020 г. у мемарыяльным комплексе Яд ва-Шэм у Іерусаліме.

Святы Пасад на форуме, прымеркаваным да 75-годдзя вызвалення нацысцкага канцэнтрацыйнага лагера “Аўшвіц-Біркенаў”, прадстаўляла дэлегацыя пад кіраўніцтвам кардынала Курта Коха, старшыні Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, у склад якой уваходзіць Камісія па рэлігійных адносінах з юдаізмам.

У інтэрв’ю “Vatican News” іерарх заўважыў, што прысутнасць на канферэнцыі вялікай колькасці лідараў розных краін з’яўляецца моцным сігналам супраць антысемітызму. У іх прамовах падкрэслівалася, што неабходна вынесці ўрок з гісторыі.

“Я лічу, што антысемітызм не з’яўляецца выключна главой мінуўшчыны, якая можа быць заархівавана ў падручніках па гісторыі, але феномен, які зноў паўстае і сёння”, - сказаў кардынал Кох.

Ён звярнуў увагу на страх перад замежнікамі ў сучасным грамадстве, а таксама на рост нацыяналізму, якія можа выражацца і ў антысеміцкім ключы. Прычын антысемітызму ёсць шмат, “але я лічу, што нацыяналізм і папулізм – галоўныя”, - сказаў іерарх.

Гаворачы пра тое, што могуць зрабіць католікі ў такой сітуацыі, кардынал Кох заўважыў, што трэба сур’ёзна ставіцца да страхаў людзей і дапамагаць іх пераадолець, з дапамогай веры і адкрытасці. “Вядома, Каталіцкі Касцёл пакліканы асаблівым чынам паглыбляць знаёмства з супольнай спадчынай, якую мае з юдаізмам – супольнымі традыцыямі, агульнымі каштоўнасцямі...”, - сказаў ён.

Старшыня Папскай рады нагадаў таксама пра актуальнасць дэкларацыі Другога Ватыканскага Сабора “Nostra Aetate”, прысвечанай юдэйска-каталіцкаму дыялогу для далейшых крокаў па ўзаемным пазнанні.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 студзеня 2020, 15:30