Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Пасад на форуме міністраў адукацыі Савета Еўропы

Прадстаўнікі Святога Пасаду прынялі ўдзел у сустрэчы міністраў адукацыі краін-членаў Савета Еўропы на тэму “Грамадскае выхаванне ў лічбавую эпоху”. Форум прайшоў 26 лістапада 2019 г. у Парыжы.

“Лічбавая рэвалюцыя ставіць новыя выклікі перад сістэмай адукацыі ў ХХІ ст.: з аднаго боку яна дае новыя і магутныя прылады, а з іншага, неадкладна патрабуе вызначэння супольных этычных крытэрыяў для навучання моладзі карыстанню вялікай колькасцю інфармацыі, якая ёсць у распараджэнні, для раскрыцця яе патэнцыялу, ведаючы адначасова пра пагрозы маніпуляцый, спалучаныя з масавай апрацоўкай дадзеных, а таксама пра небяспеку, звязаную з умяшаннем у прыватную сферу і з кібербулізмам”, - гаворыцца ў спецыяльным камюніке Святога Пасаду.

У сваёй прамове арцыбіскуп Паола Рудэлі, кіраўнік ватыканскай дэлегацыі, нагадаў заклік Святога Айца да аднаўлення адукацыйнага саюза, які павінен грунтавацца на ўзаемадзеянні ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, у першую чаргу, дзяцей і бацькоў; на адкрытасці да кожнага вымярэння чалавечай асобы, у тым ліку духоўнага; на арыентацыі да дасягнення агульнага дабра і на спрыянні адказнасці моладзі за грамадства, краіну і планету.

Міністры адукацыі, якія бралі ўдзел у сустрэчы, прынялі дэкларацыю, у якой абавязаліся спрыяць гарантаванню навучальнымі ўстановамі лічбавай адукацыі, якая садзейнічае фарміраванню крытычнага мыслення, грамадзянскай і экалагічнай адказнасці, што неабходна для жыцця ў дэмакратычным грамадстве.

Дэлегацыя Святога Пасаду прыняла тэкст дакумента з агаворкай, што пад тэрмінамі “гендар” і “гендарныя стэрэатыпы”, яна разумее тое, што адносіцца да палавых адметнасцей, заснаваных на мужчынскай і жаночай тоеснасці.

Міністры адукацыі абмеркавалі таксама прапанову французскага боку аб стварэнні ў рамках Савета Еўропы спецыяльнага маніторынгавага цэнтра па пытаннях выкладання гісторыі.

Навіна ў фармаце аўдыё
02 снежня 2019, 12:03