Cerca

Vatican News
Іарданскі прынц Хасан Ібн Талал з візітам у Францішка Іарданскі прынц Хасан Ібн Талал з візітам у Францішка  (@Vatican_Media)

Святы Пасад бачыць прагрэс у каталіцка-мусульманскім дыялогу

Старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу бачыць прагрэс у кантактах паміж хрысціянамі і мусульманамі. “Адкрыліся новыя перспектывы міру і сапраўднага братэрства”, - падкрэсліў ён.

Кардынал Мігель Анхель Аюса Гішот прыняў удзел у Дні братэрства, арганізаваным францішканамі ў касцёле Святога Крыжа ў Фларэнцыі. Падчас свайго выступлення ён асабліва падкрэсліў важнасць Дэкларацыі аб чалавечым братэрстве, якую 4 лютага 2019 г. у Абу-Дабі – сталіцы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў – падпісалі Францішак і вялікі імам Аль-Азхар у Каіры, шэйх Ахмад Махамад Эль-Таеб. Паводле іерарха, гэты дакумент з’яўляецца “канкрэтным запрашэннем да ўсеагульнага братэрства, адрасаваным усім”.

Арганізаваўшы Дзень братэрства, Ордэн Францішканаў адсвяткаваў сустрэчу свайго заснавальніка, св. Францішка Асізскага з султанам аль-Камілам Мухамадам аль-Малікам 800 гадоў таму ў Егіпце.

Акрамя старшыні Папскай рады, на сустрэчы ў Фларэнцыі выступіў таксама іарданскі прынц Хасан Ібн Талал – заснавальнік Каралеўскага інстытута міжрэлігійных даследаванняў. Паводле яго, несправядлівасць і так званыя “святыя войны” адбываліся з усіх бакоў, аднак сёння мы павінны падумаць, “што можам зрабіць для міру ў духу св. Францішка, часы якога не моцна адрозніваліся ад сённяшняй рэчаіснасці”.

2 кастрычніка 2019 г. прынца, які з’яўляецца пляменнікам караля Іарданіі Абдалы II, прыняў у Ватыкане папа Францішак. Гэта быў яго другі візіт да Пантыфіка, першы адбыўся пяць гадоў таму – 4 верасня 2014 г.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 кастрычніка 2019, 12:24