Cerca

Vatican News
Папа Францішак і кардынал Ларэнца Балдзісэры Папа Францішак і кардынал Ларэнца Балдзісэры  (ANSA)

Генсек Сінода: шукаць новыя шляхі пад кіраўніцтвам Святога Духа

“Пад кіраўніцтвам Святога Духа прагнем шукаць новыя шляхі”, - падкрэсліў Генеральны сакратар Сінода Біскупаў 7 кастрычніка 2019 г. у прамове на распачацце біскупскай асамблеі, прысвечанай Панамазонскаму рэгіёну.

Кардынал Ларэнца Балдзісэры ўзяў слова пасля ўводнай прамовы Святога Айца. Ён звярнуў увагу на два выклікі Сінода: “патрэбу ў евангелізацыі культур для інкультурацыі Евангелля”, а таксама праблему навакольнага асяродзя, на якую трэба адказаць прапановай “інтэгральнай экалогіі”.

“Заданне гэтага сінадальнага шляху заключаецца ў тым, каб вызначыць новыя шляхі для евангелізацыі той часткі Божага народу, асабліва карэннага насельніцтва, якая часта застаецца забытай і пазбаўленай перспектывы спакойнай будучыні, у тым ліку па прычыне крызісу амазонскіх лясоў, лёгкіх, што маюць фундаментальную важнасць для нашай планеты”, - сказаў ватыканскі іерарх.

Кардынал Балдзісэры падкрэсліў агульнакасцёльную важнасць Сінода аб Амазоніі, бо “мы ўсе павінны адчуваць сябе часткай гэтай глабальнай вёскі, у якой жыве і пульсіруе Касцёл Езуса Хрыста”.

Генеральны сакратар Сінода Біскупаў распавёў, што на працягу трох тыдняў працы форума асновай для дыскусій будзе Працоўны дакумент асамблеі – “Instrumentum laboris”. Вынікі дакладаў будуць пакладзены ў аснову праекту Выніковага дакументу, які будзе прадстаўлены 21 кастрычніка. Пасля яго абмеркавання ў групах, на апошнім пасяджэнні форума, якое пройдзе ў другой палове дня 26 кастрычніка, падрыхтаваны адмысловай Камісіяй тэкст Выніковага дакумента будзе выстаўлены на галасаванне. Затым ён будзе ўручаны Святому Айцу, якому належыць прыняць рашэнне аб яго далейшым лёсе.

Навіна ў фармаце аўдыё
07 кастрычніка 2019, 13:15