Пошук

Vatican News
Кардынал Хумэс Кардынал Хумэс  (AFP or licensors)

Рэлятар Сінода: Касцёл павінен быць саюзнікам народаў Амазоніі

Касцёл павінен быць саюзнікам народаў Амазоніі, падкрэсліў Генеральны рэлятар Сінода Біскупаў, кардынал Клаўдыё Хумэс, арцыбіскуп-эмерыт Сан-Паўлу і старшыня Панамазонскай касцёльнай сеткі.

7 кастрычніка 2019 г. бразільскі іерарх звярнуўся да ўдзельнікаў біскупскага форума, які распачаўся ў Ватыкане, з уводнай прамовай. Ён нагадаў, што ад самага пачатку свайго пантыфікату Францішак заклікаў Касцёл выходзіць насустрач людзям. Неабходна, каб актуальны Сінод адпавядаў гэтаму заданню.

Генеральны рэлятар заўважыў, што Касцёл у Амазоніі заўсёды адчуваў недахоп у матэрыяльных і місійных рэсурсах. У прыватнасці ён звярнуў увагу на сітуацыю, звязаную з недахопам духавенства. Гэта стварае цяжкасці з рэгулярным удзелам людзей у св. Імшы, прынамсі ў нядзелю, “што фундаментальна важна для прагрэсіўнага і поўнага развіцця хрысціянскіх супольнасцей”.

Кардынал Хумэс звярнуў увагу на праблемы Панамазонскага рэгіёну, звязаныя са знікненнем лакальных культур, вырубкай лясоў, знішчэннем біяразнастайнасці, забруджваннем вады і глебы, забойствамі мясцовых лідэраў, якія імкнуцца бараніць сваю тэрыторыю, маргіналізацыяй прадстаўнікоў карэнных народаў у вялікіх гарадах.

Карэнныя народы Амазоніі шукаюць падтрымкі з боку Касцёла для абароны сваіх правоў, “прагнуць бачыць Касцёл сваім надзейным саюзнікам”. Ім трэба гарантаваць права быць галоўнымі дзеючымі асобамі сваёй гісторыі, падкрэсліў іерарх.

Навіна ў фармаце аўдыё
07 кастрычніка 2019, 15:11