Пошук

Vatican News
Папа Францішак і арцыбіскуп Вінчэнца Палья Папа Францішак і арцыбіскуп Вінчэнца Палья  (Vatican Media)

Папа заклікаў працягваць міжрэлігійны дыялог на тэму жыцця

Пра выключны характар Сумеснай дэкларацыі аб пытаннях, якія тычацца заканчэння жыцця, падпісанай у Ватыкане прадстаўнікамі хрысціянства, юдаізму і ісламу распавёў “Vatican News” арцыбіскуп Вінчэнца Палья.

Старшыня Папскай акадэміі жыцця назваў дакумент “гістарычным”, таму што гаворка ідзе пра першае сумеснае афіцыйнае выступленне прадстаўнікоў абрамічных рэлігій на карысць абароны чалавечага жыцця аж да самага яго заканчэння. Падпісанню дэкларацыі папярэднічалі паўтары гады супольнай працы, сустрэч, абмену меркаваннямі і дыялогу, зазначыў іерарх.

“Папа застаўся вельмі задаволены і рады гэтаму дакументу, бо ўбачыў, што на шляху паўсюднага братэрства быў зроблены чарговы крок. Ён заклікаў нас працягваць, бо з’яўляемся пілігрымамі да братэрскай сустрэчы ўсіх народаў і ўсіх вернікаў”, - падзяліўся арцыбіскуп Палья. Пантыфік падкрэсліў “неабходнасць такіх братэрскіх жэстаў, каб дапамагчы свету быць менш падзеленым і больш салідарным”, дадаў ён.

У Сумеснай дэкларацыі пацвярджаецца непрыняцце ўсіх форм эўтаназіі і суіцыду з урачэбнай дапамогай, бо гэтыя “дзеянні цалкам супярэчаць каштоўнасці чалавечага жыцця”, з’яўляюцца “памылковымі як з этычнага, так і з рэлігійнага пункту гледжання”. Адначасова ў ёй гучыць заклік да забеспячэння паўсюднага доступу да прафесійнага паліятыўнага клопату людзям, якія знаходзяцца на завяршальнай стадыі свайго жыцця.

Сумесная дэкларацыя аб пытаннях, якія тычацца заканчэння жыцця, была падпісана 28 кастрычніка 2019 г. у Ватыкане. З боку Каталіцкага Касцёла подпіс паставіў арцыбіскуп Вінчэнца Палья, старшыня Папскай акадэміі жыцця; з боку юдаізму – рабін Абрагам Штайнберг, сустаршыня Ізраільяскага нацыянальнага савета па біяэтыцы; з боку іслама – Марсудзі Сухуд, старшыня Выканаўчага камітэта “Nahdlatul Ulama”, інданезійскай мусульманскай арганізацыі, якая аб’ядноўвае больш за 50 мільёнаў чалавек.

Навіна ў фармаце аўдыё
29 кастрычніка 2019, 09:25