Пошук

Vatican News

Пантыфік: у Ватыканскіх музеях ёсць месца для ўсіх культур

У Ватыканскіх музеях павінна быць месца для ўсіх народаў, культур і традыцый, каб дэманстраваць, што позірк Касцёла не мае межаў, падкрэсліў Францішак.

18 кастрычніка 2019 г. Святы Айцец наведаў Ватыканскія музеі, дзе прыняў удзел у інаўгурацыі абноўленага Этнаграфічнага музея “Anima Mundi”, а таксама ў адкрыцці ў яго памяшканнях выставы, прысвечанай Панамазонскаму рэгіёну.

У прамове Пантыфік заўважыў, што Ватыканскія музеі “пакліканы ўсё больш і больш станавіцца “домам” для ўсіх, мець дзверы, расчыненыя на ўсе народы свету, быць месцам, дзе ўсе змогуць адчуць сябе прадстаўленымі; дзе можна пераканацца, што позірк Касцёла не ведае межаў”.

“Той, хто ўваходзіць сюды, павінен адчуваць, што ў гэтым доме ёсць месца таксама і для яго, для яго народа, традыцыі і культуры: як еўрапеец, так і індыец, як кітаец, так і народжаны ў амазонскіх ці кангалезскіх лясах, на Алясцы, у аўстралійскай пустыні ці астравах Ціхага Акіяну. У ценю купала базылікі св. Пятра, усе народы знаходзяцца блізка да сэрца Касцёла і Папы”, - сказаў Францішак.

Пантыфік пажадаў, каб мільёны людзей, якія штогод наведваюць Ватыканскія музеі, маглі адчуваць у гэтым месцы, што “іх” мастацтва, мае такую самую каштоўнасць, як і шэдэўры эпохі Адраджэння ці несмяротныя грэчаскія і рымскія скульптуры.

Святы Айцец высока ацаніў новае празрыстае абсталяванне Этнаграфічнага музея, якое павінна быць знакам транспарэнтнасці. “Празрыстаць мае вялікае значэнне, асабліва ў касцёльнай структуры. Мы заўсёды патрабуем яе! У гэтых вітрынах з цягам часу змесцяцца тысячы экспанатаў з усіх частак свету, а такога роду абсталяванне мае на мэце ўключыць іх у дыялог паміж сабой. Паколькі мастацкія творы – гэта выраз душы народа, пасланне, якое можна будзе тут атрымаць з’яўляецца наступным: трэба заўсёды глядзець на кожную культуру, на іншага, з душэўнай адкрытасцю і добразычлівасцю”, - сцвердзіў Францішак.

Папа нагадаў, што “прыгажосць яднае людзей”, “заклікае да жыцця ў братэрстве, перамагаючы культуру роспачы, расізму і нацыяналізму, што заўсёды нас падсцерагае”. Ён нагадаў пра нядаўнія выставы, якія былі арганізаваны Ватыканскімі музеямі ў Кітаі і некаторых мусульманскіх краінах. “Колькі добрых ініцыятыў можна ажыццявіць дзякуючы мастацтву, пераадольваючы нават бар’еры і адлегласць”, - дадаў Святы Айцец.

“Няхай гэты Этнаграфічны музей надалей захоўвае сваю асаблівую тоеснасць і нагадвае ўсім пра каштоўнасць гармоніі і міру паміж народамі і краінамі. І няхай мастацтва, тут сабранае, зробіць так, каб голас Бога загучаў да ўсіх, хто прыйдзе пазнаёміцца з гэтай калекцыяй”, - закончыў прамову Францішак.
 

18 кастрычніка 2019, 16:33