Cerca

Vatican News
Вынікі горназдабыўнай дзейнасці ў Бразіліі. Ілюстрацыйнае фота Вынікі горназдабыўнай дзейнасці ў Бразіліі. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Місіянер пра экалагічную рэчаіснасць у Амазоніі

Касцёл – практычна адзіны, хто абараняе правы карэнных народаў Амазоніі, якіх эксплуатуюць. Свет зацікаўлены толькі ў прыбытку, і ніхто не хоча слухаць голас гэтай жорстка згвалтаванай зямлі.

У такім ключы айцец Дарыё Босі, кіраўнік лацінаамерыканскай экуменічнай сеткі “Касцёл і горназдабыўная дзейнасць”, выступіў на Сінодзе Біскупаў у Ватыкане. Італьянскі місіянер на Асамблеі прадстаўляе айцоў-камбаніянаў, якія працуюць у Бразіліі.

На працягу дзесяцігоддзя айцец Босі збіраў сведчанні і доказы таго, як амазонская зямля раскрадаецца міжнароднымі карпарацыямі, што шукаюць радовішчы каштоўных карысных выкапняў. На Сінодзе ён адзначыў, што грабежніцкая здабыча карысных выкапняў у цяперашні час з’яўляецца самай сур’ёзнай пагрозай для Панамазоніі, таму Касцёл павінен быць на баку людзей, якіх эксплуатуюць, і стаць голасам тых, хто не мае голасу.

“Мы гаворым аб праектах буйных карпарацый, але і мясцовых органаў улады, якія аддаюць раней абароненыя заканадаўствам раёны. Амазонія – гэта практычна апошняя тэрыторыя, з якой яшчэ можна атрымаць шмат багацця нізкімі выдаткамі. У іншых рэгіёнах эксплуатацыйныя выдаткі значна вышэйшыя, а экалагічныя законы больш жорсткія. Такім чынам, сусветныя кампаніі спрабуюць спакусіць органы мясцовага самакіравання змяніць законы і змякчыць эксплуатацыйную палітыку, што дазволіць пашырыць экспансію ў ахоўных зонах”, - распавёў манах.

На думку святара і праваабаронцы, менавіта таму для Сінода так важна зрабіць ясную заяву і вызначыць ролю, якую тут павінен адыгрываць Касцёл. Вядома, у яго няма магчымасці вызначыць эканамічную палітыку, але ёсць паўнамоцтвы, права і абавязак стаяць на баку ахвяр.

Місіянер падкрэсліў, што пасля завяршэння горназдабыўных прац гэтыя раёны ніхто не рэкультывуе, а кампаніі, якія зарабляюць на гэтым, не цікавіць аднаўленне навакольнага асяроддзя. “Людзям, якія жылі на гэтай тэрыторыі стагоддзямі, яны пакідаюць забруджаную глебу і забруджаную ваду. Там, дзе калісьці быў лес, застаецца нежывая пустыня”, - падкрэсліў айцец Босі, выступаючы на Сінодзе Біскупаў па Амазоніі.

Навіна ў фармаце аўдыё
11 кастрычніка 2019, 13:15