Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Нядзеля Божага Слова: большасць хрысціян не ведае Бібліі

Рашэнне Папы ўстанавіць Нядзелю Божага Слова з’яўляецца знакам, які аб’ядноўвае вернікаў і евангелізуе свет, - лічыць старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі.

Адмысловае распараджэнне Францішка было апублікавана 30 верасня 2019 г. у Апостальскім лісце “Aperuit illis”. Цяпер Трэцяя нядзеля Звычайнага перыяду будзе прысвечана цэлебрацыі, рэфлексіі і распаўсюджванню Божага слова.

Арцыбіскуп Рына Фізікела падкрэсліў адсутнасць увагі да Божага слова сярод хрысціян. “Мы закранаем вельмі балючую справу. Пераважная большасць хрысціян не ведае Бібліі. Адзіная магчымасць пазнання – гэта чытанні падчас нядзельных св. Імшаў і іншыя падобныя выпадкі. Біблія – гэта самая распаўсюджаная кніга ў свеце, але, верагодна, і самая пыльная, таму што мы не бяром яе ў рукі”, - адзначыў іерарх.

“Папа заахвочвае нас, калі магчыма, штодня чытаць Біблію, каб яна стала нашай малітвай. Варта задумацца, наколькі важна было б адкрыць малітву псальмамі, таму што кожны з іх успамінае тое, што ўяўляе сабой стан Божага народа і жыцця кожнага чалавека. Затым lectio divina, а значыць, магчымасць увайсці глыбей, каб убачыць, як жыць Божым Словам у паўсядзённым жыцці. І, нарэшце, Божае слова, якое выяўляецца ў нашым сведчанні. Папа пастаянна заклікае да міласэрнасці, паколькі праз слуханне Божага слова мы становімся больш уважлівымі, адчувальнымі і адкрытымі да патрэб братоў, асабліва адрынутых”, - патлумачыў ватыканскі іерарх матывацыю, з якой Пантыфік устанавіў Нядзелю Божага Слова.

Навіна ў фармаце аўдыё
01 кастрычніка 2019, 13:29