Пошук

Бэнэдыкта XVI. Ілюстрацыйнае фота Бэнэдыкта XVI. Ілюстрацыйнае фота 

“Кола вучняў Ратцынгера” пра святарства і цэлібат

Святарскі цэлібат – гэта дар для Касцёла, заявілі члены “Кола вучняў Ратцынгера”. У мінулыя дні ў Ватыкане праходзіла пасяджэнне студэнтаў і паплечнікаў Бэнэдыкта XVI.

“Святарства ў тэалогіі Ёзэфа Ратцынгера ў святле актуальнай сітуацыі” – так гучала тэма сёлетняй сустрэчы “Ratzinger Schuelerkreis”.

28 верасня 2019 г. прайшоў публічны сімпозіум, які доўжыўся некалькі гадзін, прысвечаны актуальным выклікам святарства ў Касцёле. Уваход быў адкрыты для шырокай грамадскасці.

“Пакліканне і жыццё святара залежаць выключна ад волі самога Езуса Хрыста і не вынікаюць ні з чалавечых прычын, ні з правілаў Касцёла. У Ім і разам з Ім святар становіцца прапаведнікам Слова і служыцелем радасці”, - гаворыцца ў заяве па выніках сустрэчы. Яна была апублікавана за тыдзень да пачатку Сінода Біскупаў па Амазоніі, дзе будзе абмяркоўвацца пытанне пасвячэння так званых “viri probati”.

“Вучні Ратцынгера” нагадалі, што “ў адпаведнасці з пастаяннай традыцыяй лацінскага Касцёла, цэлібат разглядаецца як яўнае сведчанне веры, напоўненай надзеяй і шчодрай любоўю да Хрыста і Яго Касцёла”.

Гэта першая публічнай заява групы за апошнія шмат гадоў. Удзельнікі “кола” падкрэсліваюць, што адчуваюць сябе вымушанымі паказаць тэалагічную думку Ёзэфа Ратцынгера на конт цэлібату шырокай аўдыторыі. Яны адзначаюць, што святары выконваюць не толькі функцыянальную ролю ў Касцёле, але і былі пакліканы адлюстроўваць асобу Езуса Хрыста як у здзяйсненні сакрамэнтаў, так і ў асабістым жыцці, святасці і пабожнасці, а жыццё ў цэлібаце, як сведчанне Божага Валадарства, з’яўляецца “і чалавечым, і духоўным выражэннем сакраментальнага адзінства святара з Хрыстом”.

Навіна ў фармаце аўдыё
30 верасня 2019, 11:23