Пошук

Vatican News
Кардынал Джордж Пэл. Ілюстрацыйнае фота Кардынал Джордж Пэл. Ілюстрацыйнае фота   (AFP or licensors)

Заява Святога Пасаду па справе кардынала Джоржа Пэла

Прадстаўнік Святога Пасаду пракаментаваў адхіленне скаргі кардынала Джорджа Пэла Вярхоўным судом аўстралійскага штата Вікторыя. Справа цягнецца вось ужо два гады. Іерарх знаходзіцца пад вартай.

“Падкрэсліваючы сваю павагу да судовай сістэмы Аўстраліі, як ужо было заяўлена 26 лютага пасля абвяшчэння прысуду першай інстанцыі, Святы Пасад прызнае рашэнне суда адхіліць скаргу кардынала Пэла. У чаканні прызнання магчымых далейшых крокаў у судовым працэсе Святы Пасад нагадвае, што кардынал заўсёды падкрэсліваў сваю невінаватасць і мае права звярнуцца ў Вярхоўны суд. З гэтай нагоды Святы Пасад разам з Касцёлам у Аўстраліі зноў пацвярджае сваю блізкасць да ахвяраў сексуальнага гвалту і намаганні працягваць, праз адпаведныя касцёльныя ўлады, праследаванне тых прадстаўнікоў духавенства, якія за гэта адказныя”, - так гучыць афіцыйная ватыканская заява.

18 ліпеня 2017 г. Пэл стаў перад судом у Аўстраліі па абвінавачванні ў сексуальных дамаганнях. Судовыя пасяджэнні ў 2018 г. праводзіліся двойчы, паколькі першы склад прысяжных не змог вынесці рашэнне. Былі заслуханы паказанні аднаго з пацярпелых; другога ўжо няма ў жывых. У снежні 2018 г. суд прызнаў 77-гадовага іерарха вінаватым. У лютым 2019 г. ён быў узяты пад варту.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 жніўня 2019, 12:01