Пошук

Vatican News
Бэнэдыкт XVI. Ілюстрацыйнае фота Бэнэдыкт XVI. Ілюстрацыйнае фота 

Бэнэдыкт XVI адказаў на крытыку ў адрас эсэ пра злоўжыванні

“У большасці водгукаў на мой артыкул Бог увогуле не ўзгадваецца, а значыць, не разглядаецца якраз тое, што я хацеў падкрэсліць як ключавы аспект пытання”, - напісаў Бэнэдыкт XVI.

Адказ Папы-эмерыта на крытыку ў адрас яго эсэ на тэму сексуальных злоўжыванняў у Касцёле апублікаваў нямецкі каталіцкі часопіс “Herder Korrespondenz”. Гаворка ідзе пра крытычны артыкул дацэнта гісторыі Еўропы XIX ст. Біргіт Ашман пад назвай “Сапраўдная каталіцкая пакута ў 1968 г.”, які з’явіўся на старонках вышэй узгаданага штомесячніка ў ліпені 2019 г.

Рэагуючы на гэты матэрыял, Бэнэдыкт XVI заўважыў, што, “нягледзячы на сваю аднабаковасць”, яго змест можа натхніць на далейшыя разважанні, аднак у якасці адказу на яго публікацыю на тэму сексуальных злоўжыванняў “з’яўляецца недастатковым і мае тыповыя агульныя недахопы ва ўспрыняцці тэксту”.

“Мне здаецца, што на чатырох старонках артыкула спадарыні Ашман не сустракаецца слова “Бог”, якое я паставіў у цэнтры пытання. Я напісаў: “Свет без Бога можа быць толькі светам без сэнсу”. “Заходняе грамадства – гэта грамадства, у якім Бог адсутнічае ў публічнай сферы і больш не мае, што сказаць. І менавіта таму гэта грамадства, у якім штораз больш губляюцца крытэрыі чалавечнасці. (...) Той факт, што артыкул Ашман не бярэ пад увагу цэнтральную частку маёй аргументацыі, таксама як і большая частка водгукаў, пра якія мне стала вядома, дэманструе цяжкасць сітуацыі, у якой, здаецца, што слова “Бог” часта бачыцца выцесненым з тэалогіі”, - напісаў Бэнэдыкт XVI.

Аналітычны артыкул Папы-эмерыта адносна праблемы сексуальных злоўжыванняў у Касцёле быў апублікаваны 11 красавіка 2019 г. у нямецкім штомесячніку “Klerusblatt”. У сваім эсэ ён зрабіў грунтоўны агляд таго, як гэтае злачынства з’явілася і распаўсюдзілася ў рэлігійнай сферы.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 жніўня 2019, 14:39