Пошук

Vatican News
Манументальны комплекс Даліна палеглых у Іспаніі Манументальны комплекс Даліна палеглых у Іспаніі 

Святы Пасад: нейтралітэт у справе перапахавання генерала Франка

Святы Пасад паважае суверэнітэт іспанскай дзяржавы, заўважыў часовы кіраўнік Залы Друку, адказваючы на пытанне журналістаў, звязанае з заканчэннем місіі нунцыя ў Іспаніі, арцыбіскупа Рэнца Фраціні.

Алесандра Джызоці падкрэсліў, што выказванні былога папскага прадстаўніка, які крытыкаваў іспанскі ўрад за рашэнне аб эксгумацыі генерала Франсіска Франка, мелі прыватны характар. Ён нагадаў пра заяву арцыбіскупа Фраціні, які паведаміў праз СМІ, што не меў намеру выказваць суджэнні аб унутраных палітычных пытаннях.

“Пазіцыя Апостальскай Сталіцы ў справе эксгумацыі генерала Франка – выразная і была афіцыйна выражана ў лісце, які Дзяржаўны Сакратар, кардынал Пьетра Паралін, скіраваў у лютым на імя віцэ-прэм’ера Іспаніі Кармэн Кальвы, і паўторана Генеральным сакратаром Канфэрэнцыі Біскупаў Іспаніі. Гэта пазіцыя грунтуецца на поўнай павазе да суверэнітэту іспанскай дзяржавы і яе прававой сістэмы”, - паведаміў прадстаўнік Святога Пасаду.

13 верасня 2018 г. Кангрэс Дэпутатаў Іспаніі прагаласаваў за эксгумацыю і перанясенне парэштак генерала Франсіска Франка з Даліны палеглых – манументальнага комплексу, на тэрыторыі якога пахаваны каля 34 тыс. загінулых у ходзе Грамадзянскай вайны 1936-1939 г. Франка быў пахаваны тут у 1975 г. па рашэнні тагачаснага караля Іспаніі Хуана Карласа І.

Цяперашні іспанскі ўрад, прадстаўлены Сацыялістычнай рабочай партыяй, палічыў, што былы дыктатар не можа быць пахаваным разам з ахвярамі грамадзянскага канфлікту і паставіў пытанне аб пераносе яго парэшткаў у іншае месца ў якасці аднаго з сваіх прыярытэтаў.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 ліпеня 2019, 11:34