Cerca

Vatican News
Арцыбіскуп Луіджы Вэнтура. Ілюстрацыйнае фота Арцыбіскуп Луіджы Вэнтура. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Апостальскі нунцый у Францыі пазбаўлены дыпламатычнага імунітэту

Святы Пасад пазбавіў дыпламатычнай недатыкальнасці нунцыя ў Францыі, арцыбіскупа Луіджы Вэнтуру. 8 ліпеня 2019 г. рашэнне пацвердзіў часовы кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы.

Алесандра Джызоці паведаміў, што ў рамках крымінальнага працэсу, які вядзецца супраць Апостальскага нунцыя ў Францыі, арцыбіскупа Луіджы Вентуры, Апостальская Сталіца адклікала дыпламатычны імунітэт, якім ён быў надзелены згодна з Венскай канвенцыяй аб дыпламатычных адносінах ад 18 красавіка 1961 г.

Каментуючы гэта беспрэцэдэнтнае рашэнне, Джызоці падкрэсліў, што “гаворка ідзе пра надзвычайны жэст”, які пацвярджае жаданне самаго нунцыя, выказанае ад самага пачатку гэтай справы, цалкам супрацоўнічаць з французскімі судовымі органамі, кампетэнтнымі ў гэтым пытанні.

Для прыняцця рашэння Апостальская Сталіца чакала завяршэння фазы папярэдняга расследавання, у якой арцыбіскуп Вэнтура добраахвотна ўдзельнічаў. “Рашэнне Святога Пасаду было афіцыйна пераказана французскім уладам на мінулым тыдні”, - дадаў кіраўнік Залы Друку.

Крымінальная справа супраць 74-гадовага арцыбіскупа Луіджы Вэнтуры была распачата ў Францыі пасля таго, як некалькі мужчын абвінавацілі яго ў дамаганнях сексуальнага характару. Іерарх іх рашуча адмаўляе і супрацоўнічае са следствам. 

Навіна ў фармаце аўдыё
09 ліпеня 2019, 13:14