Пошук

Папа Францішак і кардынал Пьетра Паралін Папа Францішак і кардынал Пьетра Паралін 

Дзяржсакратар пра ватыканскую дыпламатыю ў пантыфікат Францішка

Дыпламатыя Касцёла, сустрэча Папы з Прэзідэнтам Расіі, міграцыя – галоўныя тэмы размовы кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна з дырэктарам італьянскага выдання “Avvenire” Марка Тарквініа.

Дыялог адбыўся ў рамках сустрэчы “Дыпламатыя Святога Пасаду з папам Францішкам”, арганізаванай Канферэнцыяй Біскупаў Італіі і Асацыяцыяй маладых еўрапейцаў у горадзе Патэнца.

Папа і дыпламатыя Касцёла

Кардынал Паралін распавёў, што Францішак прыносіць у ватыканскую дыпламатыю тры асаблівыя рысы. У першую чаргу – заклікае глядзець на праблемы не абстрактна, а канкрэтна, маючы перад вачыма абліччы людзей: дзяцей, пажылых, маргіналізаваных, ахвяр насілля.

Другая рыса звязана з увагай да перыферый. Раней бачанне было пераважна еўропацэнтрычным, але Папа імкнецца ўвесці іншую перспектыву. “Менавіта перыферыі дапамагаюць цэнтру зразумець рэальны стан сучаснага свету”, - сказаў ён.

Трэцяя рыса заключаецца ў прэвентыўнай дзейнасці. Важна не толькі рэагаваць на крызісы, але імкнуцца іх прадбачаць і прысутнічаць там, дзе яны могуць узнікнуць, карыстаючыся тымі сродкамі, якія ёсць у нашым распараджэнні, дадаў кардынал.

Францішак і місія нунцыяў

Дзяржсакратар узгадаў пра сустрэчу Папы з Апостальскімі нунцыямі, якая прайшла 13 чэрвеня 2019 г. Францішак жадае, каб ватыканская дыпламатыя была евангельскай і лічыць яе вельмі карыснай для місіі Касцёла прыладай. Менавіта таму ён з любоўю казаў пра слабасці, якія могуць зрабіць працу нунцыяў менш эфектыўнай, падкрэсліў іерарх.

Папа перад абліччам праблем

Кардынал Паралін прызнаўся, што гады яго служэння побач з Францішкам не былі спакойнымі. У Касцёле ўзнікала напружанасць, звязаная з рэформамі, ініцыяванымі Папам, а таксама крытыка, выкліканая, напрыклад, пагадненнем з Кітаем.

“У гэтым кантэксце мяне заўсёды ўражваў спакой папы Францішка. Ён можа быць заклапочаны праблемамі, але потым заўсёды іх вырашае з глыбокім унутранымі супакоем”, - расказаў іерарх. Радасць адчування любові Бога, Які кіруе гісторыяй, аб якой Папа сведчыць на працягу свайго пантыфікату, перадаецца таксама ватыканскай дыпламатыі, дадаў ён.

Касцёл і Кітай

Гаворачы пра дамову аб прызначэнні біскупаў, якая была заключана паміж Святым Пасадам і Кітайскай Народнай Рэспублікай, кардынал Паралін назваў яе першым станоўчым вынікам той факт, што цяпер усе кітайскія біскупы знаходзяцца ў камуніі з Папам. Два кітайскія іерархі ўпершыню прымалі ўдзел у Сінодзе Біскупаў, які прайшоў у Ватыкане ў кастрычніку мінулага году.

Дзяржсакратар распавёў, што зараз, дзякуючы механізму, прадугледжанаму дамовай, адбываецца пошук кандыдатаў на біскупскія пасады ў шматлікія дыяцэзіі, якія застаюцца вакантнымі.

“Прынцып, які намі кіруе – гэта, каб кітайскія вернікі былі добрымі грамадзянамі і добрымі католікамі, каб паважалі закон, але адначасова, каб ім не перашкаджалі напоўніцу жыць іх каталіцкай верай, якая прадугледжвае сапраўдную камунію з Папам. Складаныя моманты будуць узнікаць, але стварыўся пэўны ўзаемны давер, які мы можам капіталізаваць, каб вырашаць праблемы ў будучыні. (...) Спадзяёмся, што гэта пагадненне стане маленькім зернем, якое зможа прарасці і прынесці плады”, - пажадаў іерарх.

Сустрэча Папы і Прэзідэнта Расіі

Падчас размовы закраналася тэма сустрэчы Францішка з Уладзімірам Пуціным, якая пройдзе 4 ліпеня 2019 г. у Ватыкане. “Прэзідэнт Расіі лічыцца веруючым чалавекам, і таму я думаю, што ён прызнае ў Папу ўвасабленне каштоўнасцей, якія для яго асабіста важныя. Акрамя таго, Расія ўважлівая да такіх пытанняў, як абарона хрысціян на Блізкім Усходзе і крызіс хрысціянскіх каштоўнасцей у заходнім грамадстве. Гэта сустрэча дасць магчымасць разглядзець пытанні, якія турбуюць Святы Пасад, напрыклад сітуацыю ў Сірыі і канфлікт на ўсходзе Украіны”, - сказаў ён.

Адказваючы на пытанне пра меркаваную сувязь паміж візітам Прэзідэнта Расіі і самітам Украінскай грэка-каталіцкай Царквы, якія адбудзецца на гэтым тыдні ў Ватыкане, кардынал Паралін заўважыў, што такой сувязі не існуе. “Гэта выпадковае супадзенне па часе”, - патлумачыў ён.

Еўропа і міграцыя

Адной з тэм размовы было “эпахальнае пытанне, якое павінна вырашыць Еўропа” – міграцыя. Адказваючы на пытанне пра тое, як прымірыць маральны абавязак прыняцця мігрантаў з палітычнай цнотай разважлівасці, ватыканскі іерарх заўважыў, што “Касцёл павінен нагадваць пра евангельскія патрабаванні”, а “свецкія – быць аўтаномнымі ў рашэннях, якія тычацца палітыкі”, але ў той жа час, “мець павагу да чалавека, яго годнасці і правоў”.

Кардынал Паралін прызнаўся, што тэма міграцыі выклікае падзелы, што не спрыяе пошуку найлепшых рашэнняў. Ён заклікаў да сумеснай працы на карысць пераадолення міграцыйнага крызісу, да канструктыўнасці і пазбягання непатрэбнага раздражнёнага тону. Неад’емным у гэтай сітуацыі з’яўляецца міжнароднае супрацоўніцтва, падкрэсліў кардынал Дзяржсакратар.

Навіна ў фармаце аўдыё
04 ліпеня 2019, 08:42