Пошук

Vatican News
Арцыбіскуп Джавані Пьетра Даль Тоза Арцыбіскуп Джавані Пьетра Даль Тоза 

Ватыканскі іерарх: Папа прагне абудзіць місійны дух у Касцёле

Папа прагне абудзіць у Касцёле місійны дух, таму абвясціў аб правядзенні Надзвычайнага місійнага месяцу, падкрэсліў арцыбіскуп Джавані Пьетра Даль Тоза, старшыня Папскіх місійных ініцыятыў.

Паводле іерарха, Святы Айцец жадае не толькі, каб вернікі і духавенства падтрымлівалі місіянерскую дзейнасць, але, у першую чаргу, каб самі станавіліся місіянерамі ў тых асяроддзях, у якіх знаходзяцца.

У інтэр’ю для Vatican News арцыбіскуп Даль Тоза нагадаў, што малітва – гэта першая дапамога, якую можна аказаць місіянерам. Пра гэта красамоўна сведчыць той факт, што апякункай місійнай дзейнасці Касцёла з’яўляецца св. Тэрэза ад Дзіцятка Езуса, якая была кляўзуровай манахіняй.

Але, акрамя малітвы, ёсць патрэба ў абуджэнні місійнага запалу. Трэба дапамагчы ўсім ахрышчаным усвядоміць, што місійнае пакліканне маюць не толькі асобныя людзі, але ўсе.

“[Мы ўсе па-рознаму можам быць місіянерамі. Папы заўсёды падкрэслівалі, што Касцёл па сваёй прыродзе з’яўляецца місійным, а місійнасць – гэта ДНК хрысціяніна]”

, - зазначыў іерарх.

Арцыбіскуп прызнаўся, што быў станоўча ўражаны пазітыўным рэзанансам, які сустрэла ва ўсім свеце папская ініцыятыва абвесціць Надзвычайны місійны месяц. Ён заўважыў, што многія мясцовыя Касцёлы ўключылі гэту падзею ў свае душпастырскія праграмы на бягучы год.

“[Касцёл адчувае патрэбу ў евангелізацыі, як унутры сябе, так і вонкі, каб абнавіць карані сваёй веры і дазволіць пазнаць Езуса тым, хто Яго яшчэ не сустрэў]”

, - дадаў ён.

“Як кажа Евангелле: Езус прыйшоў, каб усе мелі жыццё і мелі ў дастатку. Я глыбока перакананы, што гэты Надзвычайны місійны месяц дапаможа Касцёлу раскрыць сэнс і значэнне евангелізацыі”, - падзяліўся старшыня Папскіх місійных ініцыятыў.

Надзвычайны місійны месяц будзе праходзіць у Каталіцкім Касцёле на працягу кастрычніка 2019 г., адначасова з Сінодам Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне. Падзея прымеркавана да 100-годдзя Апостальскага ліста Бэнэдыкта XV “Maximum illud” – “вялікай хартыі” місійнай дзейнасці Касцёла ў сучасную эпоху, які быў абнародаваны 30 лістапада 1919 г.

Навіна ў фармаце аўдыё
04 чэрвеня 2019, 10:06