Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад рыхтуе ініцыятывы да Сусветнага дня бедных

Святы Айцец звяртае ўвагу на новыя формы беднасці, якія кожны дзень з’яўляюцца перад нашымі вачыма, і запрашае нас да канкрэтных спраў, якія прыносяць з сабой надзею.

На гэта звярнуў увагу старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі, каментуючы пасланне Францішка на Сусветны дзень бедных, які будзе адзначацца ў лістападзе.

Арцыбіскуп Рына Фізікела адзначыў, што Дыкастэрыя, якой ён кіруе, падрыхтавала шмат мерапрыемстваў з гэтай нагоды. На плошчы св. Пятра “пабудуюць” мабільную бальніцу з урачамі розных спецыяльнасцей, дзе патрабуючыя змогуць атрымаць адпаведную дапамогу. Іерарх нагадаў, што ў мінулым годзе больш за 3 тыс. асоб скарысталіся паслугамі часовага шпіталя. Акрамя таго, 1,5 тыс. бедных запросяць на абед з Папам. А перад гэтым Францішак узначаліць для іх св. Імшу ў ватыканскай базыліцы. Яшчэ адным мерапрыемствам стане ўжо традыцыйны канцэрт: “З беднымі і для бедных”.

Старшыня Папскай рады звярнуў увагу і на духоўнае вымярэнне дапамогі бедным. Спасылаючыся на Пантыфіка, ён падкрэсліў, што асноўны від дыскрымінацыі, з якой сутыкаюцца бедныя – гэта духоўная. Менавіта таму задача хрысціян – дапамагчы ім аднавіць сваю годнасць.

“Бедныя дазваляюць нам выявіць сутнасць Евангелля - нагадаў арцыбіскуп Фізікела, - яны нагадваюць нам, што ў сітуацыі беднасці мы бачым не проста Езуса, але таго Езуса, які правакуе нас, заклікае нас ісці за Ім. Ён запрашае нас пазнаць глыбокую праўду і аўтэнтычнасць нашай веры”.

Сусветны дзень бедных быў устаноўлены Францішкам на заканчэнне Надзвычайнага Юбілею Міласэрнасці, які праходзіў у 2016 г. Ён адзначаецца ў ХХХІІІ Звычайную нядзелю. Сёлета – гэта 17 лістапада.

Навіна ў фармаце аўдыё
15 чэрвеня 2019, 11:48