Пошук

Vatican News
Біскуп Фабіа Фабэнэ, падсакратар Сінода Біскупаў Біскуп Фабіа Фабэнэ, падсакратар Сінода Біскупаў   (Synod2018)

Падсакратар Сінода Біскупаў пра інкультурацыю Касцёла ў Амазоніі

Новыя шляхі евангелізацыі ў Амазоніі павінны ўключацца ва ўжо існуючую багатую традыцыю душпастырскай і місійнай дзейнасці, якая вялася там на працягу доўгага часу, лічыць падсакратар Сінода Біскупаў.

Італьянскі біскуп Фабіа Фабэнэ пракаментаваў Instrumentum Laboris Сінода Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне і патлумачыў, якім чынам Асамблея збіраецца адказваць на касцёльныя выклікі.

Па словах іерарха, новыя шляхі евангелізацыі на тэрыторыя Амазоніі, пра якія ідзе гаворка ў Працоўным дакуменце Сінода, павінны ўключацца ва ўжо існуючую багатую традыцыю “пасродкам працэсу інкультурацыі, іншымі словамі, увасаблення Евангелля ў багацці і множнасці чалавечых культур”.

“[Сінод хоча спрыяць дыялогу паміж гэтымі культурамі з улікам узаемнага ўзбагачэння. Такім чынам інкультурацыя адкрываецца на міжкультурнасць, гэта значыць, на сустрэчу розных культур]”

, - дадаў біскуп Фабэнэ і ўдакладніў, што інкультурацыя, прапанавая ў Instrumentum Laboris, датычыць усіх аспектаў касцёльнага жыцця – літургіі, касцёльнай арганізацыі, адукацыі і працы па забеспячэнні павагі да правоў чалавека.

У сувязі з гэтым гучыць заахвочванне належным чынам ацаніць ролю свецкіх вернікаў, якія маглі б браць больш актыўны ўдзел у жыцці Касцёла, што пілігрымуе, “выходзіць насустрач чалавеку і становіцца для ўсіх гасцінным домам”.

Іншае пажаданне, якое выказваецца ў Працоўным дакуменце, датычыць пастаяннай прысутнасці ў хрысціянскіх супольнасцях Амазоніі душпастыраў, каб былі іх “неад’емнай часткай”, каб маглі жыць разам з прадстаўнікамі карэнных народаў, абвяшчаць Евангелле і ўдзяляць сакрамэнты. Менавіта гэтым тлумачыцца прапанова Сінадальных Айцоў “спрыяць росту душпастырства пакліканняў, каб з саміх хрысціянскіх супольнасцей, прысутных у Амазоніі, нараджаліся новыя пакліканні”, - патлумачыў падсакратар Сінода Біскупаў.

Нарэшце, наяўнасць у Амазоніі супольнасцей, у якіх “св. Імша цэлебруецца раз або, максімум, два разы на год”, падштурхнула аўтараў Працоўнага дакумента да ўнясення прапановы па пераглядзе душпастырства пакліканняў і дыскусіі адносна магчымасці прэзбітэрскага пасвячэння “пажылых мужчын, адобраных супольнасцю, нават калі яны маюць стабільныя сем’і”. “І ўсё гэта нязменна ў кантэксце святарскага цэлібату”, - дадаў біскуп Фабэнэ.

Канчатковае рашэнне адносна таго, ці рухацца наперад у вывучэнні такой магчымасці і ці прадстаўляць адпаведную прапанову на разгляд Святому Айцу, будуць прымаць члены Сінода Біскупаў, падкрэсліў італьянскі іерарх.

Навіна ў фармаце аўдыё
19 чэрвеня 2019, 14:34