Пошук

Vatican News
Айцец Раньера Канталамеса падчас адарацыі крыжа. Ілюстрацыйнае фота Айцец Раньера Канталамеса падчас адарацыі крыжа. Ілюстрацыйнае фота 

Папскі прапаведнік: пакланенне Богу – прывілея, а не абавязак

“Бог ёсць Духам, і тыя, хто пакланяецца Яму, павінны пакланяцца ў Духу і праўдзе” (Ян 4, 24) – гэтыя словы Езуса, на думку Прапаведніка Папскага дома, з’яўляюцца magna charta хрысціянскага пакланення.

Раніцай 5 красавіка 2019 г. у капліцы “Redemptoris Mater” ватыканскага Апостальскага палаца айцец Раньера Канталамеса звярнуўся да Пантыфіка і супрацоўнікаў Рымскай курыі з чацвёртым велікапосным разважаннем. Яно было прысвечана сэнсу і прыродзе хрысціянскага пакланення Богу.

“[Адарацыя – гэта адзіны рэлігійны чын, які нельга ахвяраваць нікому іншаму ва ўсім сусвеце, нават Маці Божай, але толькі Богу. У гэтым – яго годнасць і ўнікальная моц]”

, - падкрэсліў італьянскі капуцын.

Па словах прапаведніка, выразней за любыя словы пакланенне выяўляецца ў цішыні. “Як паступова з узыходам на гару паветра становіцца больш разрэджаным, так па меры набліжэння да Бога мова павінна станавіцца ўсё карацейшай, ажно пакуль нарэшце не зробіцца цалкам бясслоўнай і не з’яднаецца ў цішыні з Тым, хто з’яўляецца невымоўным”, - сказаў айцец Канталамеса.

Адарацыя патрабуе схілення і маўчання, і ў гэтай паставе выяўляецца пакора, падпарадкаванне. “У пакланенні чалавек складае сябе ў ахвяру, ахвяруе ўласнае “я”, сваю веліч, сваю самадастатковасць. Толькі гэта падманлівая і беспадстаўная веліч, і пазбавіцца ад яе – гэта вызваленне для чалавека”, - заўважыў Папскі прапаведнік.

“Пакланяцца Богу – гэта не столькі абавязак ці доўг, колькі прывілея, нават патрэба”, - дадаў ён. Таму адарацыя павінны быць свабоднай, нібы “радасны парыў, спантанны дар стварэння, якое такім чынам выказвае сваю радасць з таго, што не яно само – бог, што мае Бога па-над сабою, Якому можа пакланяцца, Якім можа захапляцца, Якога можа праслаўляць”.

Адмысловай формай пакланення Богу ў Каталіцкім Касцёле з’яўляецца Эўхарыстычная адарацыя, падчас якой адбываецца трансфармацыя, якую айцец Канталамеса параўнаў з фотасінтэзам расліны ў вясновую пару.

“[Сузіраючы “сонца справядлівасці”, якім з’яўляецца Хрыстус, яны (маладыя лісці) наладжваюць жыўленне, якім ёсць Дух Святы, на карысць усяго вялікага дрэва, якім з’яўляецца Касцёл]”

, - адзначыў капуцын.

Эўхарыстычная адарацыя – гэта, па словах айца Канталамесы, яшчэ і адна з найбольш дзейсных форм евангелізацыі, бо вельмі многа прахожых праз адчыненыя дзверы Касцёла бачаць людзей, што маўкліва сузіраюць Найсвяцейшы Сакрамэнт, заходзяць унутр і ўсклікаюць: “Тут ёсць Бог!”

У якасці канкрэтнага прыкладу Папскі прапаведнік прывёў шырока распаўсюджаны сёння міжнародны рух “Каталіцкае харызматычнае абнаўленне”, ідэя стварэння якога прыйшла да групы студэнтаў з ЗША менавіта падчас Эўхарыстычнай адарацыі. “Нібы сам Бог, цудоўны і асляпляльны, увайшоў у пакой і напоўніў Сабою яе і нас”, - узгадваў пазней адзін з удзельнікаў той адарацыі.

“Адначасовая прысутнасць велічы і прыгажосці Бога, боязі і любові да Яго з боку ўсяго стварэння” – у гэтым і заключаецца сапраўднае хрысціянскае пакланенне, заключыў папскі прапаведнік.

Навіна ў фармаце аўдыё
05 красавіка 2019, 10:37