Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Паралін: паўгода пасля ватыканска-кітайскай дамовы

Праз паўгода пасля падпісання ватыканска-кітайскай часовай дамовы, кардынал Дзяржсакратар пракаментаваў сітуацыю католікаў у Паднябеснай. Гэта адбылося ў фармаце прадмовы да кнігі.

“З абодвух бакоў быў дасягнуты значны прагрэс. Вядома, калі гаворка ідзе пра жыццё Касцёла ў Кітаі, існуе ўсё яшчэ шмат праблем”, - напісаў кіраўнік ватыканскай дыпламатыі на першых старонках кнігі “Касцёл у Кітаі – пісаць будучыню”, якая з’явіцца ў кнігарнях 19 сакавіка 2019 г.

Будучыню Касцёла ў гэтай краіне не можа зразумець без памяці аб мінулым, адзначыў іерарх. Аднак, сёння трэба сумесна ствараць новую старонку Касцёла ў Кітаі, ня грэбуючы духоўным скарбам мясцовай каталіцкай супольнасці, якая моцна пакутавала на працягу многіх гадоў.

“Сёння мы зноў ставім пытанне пра актуальнасць каталіцкай прысутнасці ў Кітаі”, - лічыць кардынал Паралін. На яго думку, для адказу на гэты выклік патрэбна еднасць Касцёла, чаму і служыць пагадненне з КНР, падпісанае 22 верасня 2018 г. У яго выніку ўсе біскупы краіны павінны знаходзіцца ў еднасці з Рымам і ўсім Паўсюдным Касцёлам.

“Шляхам Касцёла заўсёды ёсць дыялог. Абвяшчэнне Евангелля ў Кітаі не можа быць аддзелена ад стаўлення павагі, прызнання і ўзаемнага даверу адносна кітайскага народа і яго законных уладаў”, - напісаў іерарх. У той жа час, ён запэўніў, што Касцёл не забываецца пра ахвяры і пакуты многіх хрысціянаў у Кітаі. Мэты застаюцца нязменнымі ў любым кантэксце, і гэта: збаўленне душ і свабода Касцёла, падкрэсліў ён.

Часовае пагадненне паміж Святым Пасадам і Кітаем дазваляе Пантыфіку прызначаць біскупаў у кожнай дыяцэзіі краіны. Аднак, гэта павінна быць зроблена “ў дыялогу” з уладамі КНР, якія прадстаўляюць кандыдатаў. Да гэтага часу дыяцэзіі мелі па два біскупы: адзін быў вызначаны ўладамі, другі – паводле папскай намінацыі. Гэта прывяло да расколу сярод вернікаў, адна частка якіх увайшла ў “афіцыйны” Касцёл, прызнаны ўладамі, а другая належала да структур, прызнаных Святым Пасадам. З часам, пераважная большасць “афіцыйнай” іерархіі, па ўласным жаданні, была прызнана Пантыфікам. Некалькіх апошніх прыняў да камуніі Францішак. Такім чынам завяршыўся шасцідзесяцігадовы перыяд “двайной” або “паралельнай” касцёльнай іерархіі ў Кітаі. Трэба нагадаць, што афіцыйныя дыпламатычныя адносіны паміж Святым Пасадам і Кітаем былі разарваны ў 1951 г.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 сакавіка 2019, 10:53