Пошук

Vatican News
Айцец Канталамеса падчас разважанняў у капліцы “Redemptoris Mater” Айцец Канталамеса падчас разважанняў у капліцы “Redemptoris Mater”  (Vatican Media)

Папскі прапаведнік перасцярог ад ідалапаклонства ўласнаму “я”

Калі выконваем закон і чынім добрыя справы, але ўсё для таго, каб сцвердзіць сваю праведнасць, то ставім сябе на месца Бога і становімся ідалапаклоннікамі, перасцярог Папскі прапаведнік.

Трэцяе велікапоснае казанне для Святога Айца і супрацоўнікаў Рымскай курыі айцец Раньера Канталамеса прысвяціў тэме ідалапаклонства. Яно прагучала 29 сакавіка 2019 г. у капліцы Апостальскага палаца “Redemptoris Mater”.

“Іхнія ідалы – гэта срэбра і золата, справа рук чалавечых” (Пс 115, 4), - працытаваў айцец Канталамеса Кнігу Псальмаў і адзначыў, што “змаганне з ідалапаклонствам, на жаль, не завяршылася з канцом гісторыі язычніцтва; яно заўсёды працягваецца. Ідалы змянілі назву, але з’яўляюцца, як ніколі, прысутнымі”.

Папскі прапаведнік спаслаўся на апостала Паўла, які ў Пасланні да Рымлянаў (Рым 1,18-21) перасцерагае, што “найгалоўнешым грахом” і “першаснай прычынай Божага гневу” з’яўляецца бязбожнасць. Яе сутнасць заключаецца ў “адмаўленні праслаўляць Бога і дзякаваць Яму”, у ігнараванні Бога. Адсюль, па словах айца Канталамесы, і нараджаецца ідалапаклонства, калі замест Стварыцеля праслаўляецца само стварэнне.

“[У ідалапаклонстве чалавек не прымае Бога, але сам становіцца Богам. Яны мяняюцца ролямі: чалавек становіцца ганчаром, а Бог – начыннем, якое чалавек лепіць, як яму падабаецца. (…) Робіць з Бога адлюстраванне самога сябе]”

, - перасцярог капуцын.

Тым не менш, працягнуў ён, абвінавачваючы свет навокал у бязбожнасці, мы павінны ўсведамляць, што абвінавачваем саміх сябе. “Няма прабачэння табе, кожны чалавеча, які асуджаеш. Бо ў чым асуджаеш іншага, у тым сябе асуджаеш, таму што, асуджаючы, робіш тое самае” (Рым 2, 1), - нагадаў Папскі прапаведнік словы апостала Паўла.

Тым самым, перакананы рэкалекцыяніст, Апостал “выкрывае дзіўную і распаўсюджаную ілюзію пабожных людзей і рэлігійных асоб, якія лічаць сябе абароненымі ад Божага гневу толькі таму, што маюць дакладнае ўяўленне пра дабро і зло, ведаюць закон і, калі трэба, могуць прымяніць яго да іншых, у той час як адносна сябе думаюць, што прывілей быць на баку Бога або “дабрыня” і “цярплівасць” Бога, пра якія добра ведаюць, зробяць для іх выключэнне”.

“Калі грэх складаўся са схільнасці да самога сябе, то найбольш радыкальным навяртаннем стане “выпрамленне” і вяртанне да Бога. (...) Калі ўсёй сваёй сутнасцю я групуюся вакол Бога, супраць свайго “я”, то станаўлюся Яго саюзнікам; удваіх мы будзем змагацца супраць аднаго ворага, і таму перамога гарантавана”, - заключыў прапаведнік Папскага дома.

Навіна ў фармаце аўдыё
29 сакавіка 2019, 10:29