Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Абарона непаўналетніх: “ora santa” за грахі злоўжыванняў

У менталітэце і свядомасці прадстаўнікоў духавенства ўжо назіраюцца станоўчыя зрухі ў бок большай свядомасці адносна праблемы сексуальных злоўжыванняў у Касцёле.

23 лютага 2019 г., падчас брыфінгу па выніках трэцяга дня саміту па абароне непаўналетніх, які трывае ў Ватыкане, мадэратар нарады, кс. Фэдэрыка Ламбардзі, адзначыў, што, “нягледзячы на надзвычай кароткі тэрмін правядзення саміту, ужо відавочная станоўчая дынаміка, бачныя змены ва ўспрыімлівасці ўдзельнікаў форуму да праблемы сексуальных злоўжыванняў, адбываецца адчувальны рух наперад”.

Кс. Ламбардзі падкрэсліў эфектыўнасць метаду “follow-up”, іншымі словамі, дынамічнага кантролю за ацэнкамі, прапановамі і рашэннямі, якія паступова распрацоўваюцца і прымаюцца ў рабочых групах саміту. Ён высока ацаніў магчымасць атрымліваць справаздачы па завяршэнні кожнага дня пасяджэнняў, таму што іх аналіз дазваляе ўбачыць “вялікае багацце сведчанняў, выступленняў і абмену думкамі”, якімі дзеляцца ўдзельнікі сустрэчы.

Мадэратар нарады надаў вялікую важнасць кіраўніцтву па рэагаванні на выпадкі сексуальных злоўжыванняў у Касцёле – своеасабліваму даведніку, які ўжо рыхтуе Святы Пасад. Ён выказаў перакананасць, што дакумент павінен стаць публічным, а яго выкананне – кантралявацца спецыяльна створанымі камітэтамі.

Паола Руфіні, прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі, выступіў з падсумаваннем вынікаў працы моўных груп у трэці дзень правядзення саміту.

Па яго словах, дыскусія была сканцэнтравана, пераважным чынам, на магчымых шляхах выпраўлення памылак і шкоды, нанесенай шматлікім асобам і іх сем’ям у выніку сексуальнага гвалту ў Касцёле. Падкрэслівалася неабходнасць забеспячэння больш пільнага і чулага пастырскага клопату пра сем’і пацярпелых.

Быў зроблены акцэнт на важнасці больш поўнага перажывання калегіяльнасці паміж біскупамі, святарамі і супольнасцю вернікаў. У чарговы раз была падкрэслена патрэба рабіць больш сутнаснай і важнай ролю свецкіх вернікаў, жанчын і сем’яў у жыцці Касцёла.

Удзельнікі моўных груп адзначылі важнасць адказнага і разважлівага распазнання паклікання да сужэнства. “Сам па сабе шлюб не з’яўляецца супрацьяддзем ад пажадлівасці”, - пераказаў Руфіні пазіцыю ўдзельнікаў саміту. Пакліканне да сямейнага жыцця, як і пакліканне да служэння Богу, павінны прымацца вельмі свядома і адказна.

Нарэшце, выказваючы перакананасць у тым, што загойванне глыбокіх ран, нанесеных Касцёлу выпадкамі сексуальных злоўжыванняў, магчымае толькі з Божай дапамогай, удзельнікі моўных груп прапанавалі абвясціць у свеце “святую гадзіну” (ora santa) малітвы аб прабачэнні віны за здзейсненыя злачынствы і ачышчэння Касцёла ад бруду гэтай заганы.

Кардынал Рэйнхард Маркс, арцыбіскуп Мюнхена і Фрайзінга, старшыня нямецкага епіскапату, у сваю чаргу, падкрэсліў, што ў выяўленні выпадкаў сексуальных злоўжыванняў і аднаўленні справядлівасці патрэбна супрацоўніцтва епіскапатаў з дзяржаўнымі ўладамі і шэрагам грамадзянскіх устаноў. Пры гэтым, унутры кожнага мясцовага Касцёла павінны выконвацца аднолькавыя для ўсіх патрабаванні адносна рэагавання на такія выпадкі – іх замоўчванне недапушчальна.

Навіна ў фармаце аўдыё
23 лютага 2019, 15:54