Cerca

Vatican News
Папа Францішак і арцыбіскуп Бернардзіта Ауса Папа Францішак і арцыбіскуп Бернардзіта Ауса  (Vatican Media)

Прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН пра зварот Пантыфіка да паслоў

Для вырашэння міжнароднага крызісу, неабходна змагацца з праявамі нацыяналізму, лічыць Пастаянны прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН. Ён пракаментаваў зварот Папы да дыпламатычнага корпуса.

Рост нацыяналізму і сутаргавы пошук аднабаковых рашэнняў, што спараджае насілле, не могуць пакідаць ААН абыякавай, таму што без мультылатэралізму гэта арганізацыя не будзе мець прычын для існавання. Такую арганізацыю міжнародных знешнеэканамічных адносін арцыбіскуп Ауса назваў “неад’емным ДНК” Аб’яднаных Нацый.

Паводле ватыканскага дыпламата, “большасць членаў ААН усведамляе праблемы, узнятыя Святым Айцом, і адчувае іх актуальнасць”. У мінулым годзе праводзілася даследаванне стану мультылатэралізму ў ААН, якое паказала, што “нягледзячы на цяжкасці, гэта арганізацыі працягвае праводзіць шматбаковую палітыку”.

Арцыбіскуп Ауса лічыць патрэбнай глыбокую рэфлексію адносна механізмаў, якія перашкаджаюць пошуку прымальных для ўсіх краін-удзельніц Арганізацыі рашэнняў. Ён заўважыў, што ў кантэксце праблемы міру і міжнароднай бяспекі, выклікам з’яўляецца сітуацыя з правам вета, якое маюць пяць пастаянных членаў Рады Бяспекі ААН. Дзяржавы карыстаюцца ім, каб бараніць свае нацыянальныя і рэгіянальныя інтарэсы на шкоду міжнародным.

Ватыканскі дыпламат лічыць таксама сур’ёзнай праблемай міжнародных арганізацыі ціск, які аказваюць на іх пэўныя зацікаўленыя групы і сілы, што навязваюць свае ідэі і бачанне свету, ствараючы “новыя формы ідэалагічнай каланізацыі”.

“Існуе навязванне волі і праектаў дзяржаў-донараў, а не ўсведамленне сапраўдных патрэб краін, вырашэнню якіх павінна спрыяць дапамога. Багатыя донары, звычайна еўрапейскія ці паўночнаамерыканскія, даюць грошы на вызначаныя праграмы, якія жадаюць рэалізаваць у той ці іншай краіне. Я маю на ўвазе рэпрадуктыўнае і сексуальнае здароўе (...). Гэта ідэалагічнае навязванне. Папа мае рацыю: трэба перагледзець міжнародную палітыку дапамогі на карысць развіцця”, - сказаў іерарх.

Арцыбіскуп Ауса нагадаў пажаданне Францішка, каб у ААН мелі голас тыя краіны, якія сёння яго не маюць. Намаганні ў гэтым кірунку зараз прыкладаюцца ўнутры самой арганізацыі. “Я бачу вялікае жаданне, але таксама велізарныя цяжкасці. Грошы, прызначаныя на развіццё, вельмі нязначныя, у параўнанні з тымі, якія інвесціруюцца ў вырашэнне ўзброеных канфліктаў. Неабходна збалансаваць рэсурсы, якія знаходзяцца ў распараджэнні сістэмы ААН”, - перакананы дыпламат.

Прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі зазначыў, што вырашэнне сірыйскага крызісу і сітуацыя з бежанцамі з’яўляюцца прыярытэтам як Пантыфіка, так і ААН. “Арганізацыя Аб’яднаных Нацый вельмі разлічвае на голас Папы ў абарону бежанцаў, бо ўпэўнена, што ён можа паўплываць на краіны, якія маюць жорсткае стаўленне да людзей, якім патрэбна дапамога”, - заўважыў у сваім каментары Пастаянны прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 студзеня 2019, 11:00