Пошук

Vatican News
Будынак Ватыканскага Трыбунала Будынак Ватыканскага Трыбунала 

Трыбунал Ватыкана: першы прысуд па справе аб адмыванні грошай

Трыбунал Дзяржавы Ватыкан прыгаварыў да двух з паловай гадоў зняволення і канфіскацыі больш за мільёна еўра італьянскага прадпрымальніка.

Прыгавор па справе адмывання грошай быў вынесены на судовым пасяджэнні 17 снежня 2018 г. Аб гэтым паведаміла Зала Друку Святога Пасаду.

Паведамляецца, што прысуд Трыбунала ў адносінах да 63-гадовага рымскага бізнесмена Анджэла Праеці стаў першым выпадкам прэвентыўнай канфіскацыі цякучых рахункаў грамадзяніна Італіі, адкрытых пры Інстытуце рэлігійных спраў, больш вядомым як Ватыканскі банк.

Такім чынам, упершыню Трыбунал Дзяржавы Ватыкан вынес прысуд па артыкуле аб адмыванні грошай, уведзеным у Крымінальны кодэкс Святога Пасаду падчас рэформы судовай сістэмы, ініцыяванай Бэнэдыктам XVI.

Следства па гэтай справе вялі Аддзел прамотара справядлівасці Дзяржавы Ватыкан, Бюро фінансавай інфармацыі і Ватыканская жандармерыя ў супрацоўніцтве з юрыдычнымі структурамі Італіі.

“Прысуд Трыбунала набывае вялікую важнасць з пункту гледжання сістэмы прэвентыўных мер у барацьбе з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму, распачатай Дзяржавай Ватыкан у апошнія гады”, - гаворыцца ў паведамленні Залы Друку Святога Пасаду.

Спадар Праеці з’яўляўся кіраўніком будаўнічай кампаніі Edil Ars, якая прадстаўляла сябе як “падрадчык работ у Дзяржаве Ватыкан” і мела “непразрыстыя” кантракты на выкананне рэмонтна-рэстаўрацыйных работ з шэрагам ватыканскіх устаноў, сярод якіх – педыятрычная клініка “Bambino Gesù”, Адміністрацыя маёмасці Апостальскай Сталіцы (APSA), каталіцкі ўніверсітэт Lumsa.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 снежня 2018, 13:18